Беларуская Служба

Амбасадары краін ЕС выказалі салідарнасць з украінцамі

16.02.2022 13:45
Нашая прысутнасць у Кіеве можа паўплываць на рашэнні, датычныя вайны і міру, лічыць амбасадар Польшчы Барташ Ціхоцкі.
  .
Дзень адзінства Украіны.PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Амбасадары Еўрасаюза выказваюць салідарнасць з Украінай перад абліччам эскалацыі агрэсіі з боку Расіі. Дыпламаты ўшанавалі памяць украінскіх жаўнераў, якія загінулі ў вайне на Данбасе. Сярод іх быў і польскі амбасадар.

Сёння, у сувязі з пагрозай з боку Расіі, ва Украіне быў абвешчаны агульнанацыянальны Дзень адзінства. Амбасадары Еўрасаюза ўсклалі кветкі да сцяны Міхайлаўскага сабора ў цэнтры Кіева, дзе прадстаўлены фатаграфіі тысяч украінскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў баях на ўсходзе Украіны.

Амбасадар Польшчы Барташ Ціхоцкі(Bartosz Cichocki) заявіў, што такім чынам краіны Еўрасаюза прадэманстравалі салідарнасць з Украінай:

-Гэта самае лепшае месца, каб паказаць гэтае адзінства ўкраінцам, расейцам і ўсяму свету. Мы разумеем, што нашая прысутнасць у Кіеве можа паўплываць на рашэнні, датычныя вайны і міру.

Сёння, у сувязі з Днём адзінства на будынках украінскіх офісаў, школ і дзяржаўных прадпрыемстваў былі вывешаныя дзяржаўныя сцягі. Таксама сёння амбасадары краін ЕС, у тым ліку амбасадар Польшчы, адправяцца ў Марыупаль у Данецкай вобласці, дзе сустрэнуцца з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

IAR /аз