Намеснік генеральнага сакратара НАТА Мірча Джаана заявіў, што Украіна можа выйграць вайну з Расіяй. У Берліне праходзіць сустрэча кіраўнікоў дыпламатыі Паўночнаатлантычнага альянсу. Мірча Джаана запэўніў украінцаў у пастаяннай падтрымцы Захаду:
- НАТА рашуча падтрымлівае Украіну. Сёння мы пагаворым аб апошніх падзеях ва Украіне. Жорсткае ўварванне Расіі губляе абароты. Украіна можа выйграць гэтую вайну пры значнай падтрымцы – ваеннай, фінансавай і гуманітарнай – з боку хаўруснікаў і партнёраў, кошт якой складае мільярды долараў, а таксама дзякуючы мужнасці ўкраінцаў і ўкраінскай арміі.
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Германіі Аналена Бербак заявіла, што ейная краіна гатовая да хуткай падтрымкі кандыдатураў Фінляндыі і Швецыі ў НАТА. Яна падкрэсліла, што працэс інтэграцыі абедзвюх краін у альянс павінен быць хуткі і без залішняй затрымкі. На яе думку, пераходны перыяд, паміж падачай заяўкі і фактычным уступленнем у НАТА, павінен быць максімальна кароткім.
Нагадваем, Фінляндыя заявіла, што падасць заяўку на ўступленне ў НАТА. Учора падчас тэлефоннай размовы пра гэты намер прэзідэнт Фінляндыі паведаміў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.
IAR/аз