Колькасць атакаў на грамадзянскія аб'екты ва Украіне сведчыць аб іх наўмыснасці, заявіў прэзідэнт Чэхіі Петр Павел пасля наведвання знішчанай расійскімі акупантамі Барадзянкі. Раніцай прэзідэнт Чэхіі разам з прэзідэнткай Славакіі Зузанай Чапутовай цягніком дабраліся да Кіева. Абодва сустрэнуцца, у тым ліку, з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Чэскія СМІ адзначаюць, што візіт Петра Паўла і Зузаны Чапутовай адбываецца адразу пасля начных расійскіх ракетных абстрэлаў украінскіх гарадоў, у выніку якіх загінулі не менш за дзясятак чалавек.
У Барадзянцы прэзідэнт Чэхіі сказаў, што выгляд разбуранага горада нагадвае яму тое, што ён бачыў як вайсковец падчас вайны ў былой Югаславіі.
-Я думаў, што больш ніколі не ўбачу яго – так блізка і асабліва ў Еўропе. Колькасць нападаў на грамадзянскія абʼекты паказвае, што яны носяць наўмысны характар. Памылка навігацыі можа здарацца час ад часу, але пры такой колькасці гэта не памылка. Відавочна, што гэта план. Гэты план цалкам зразумелы – выклікаць хаос і страх сярод мірнага насельніцтва і такім чынам прымусіць урад сысці ў адстаўку.
Петр Павел падкрэсліў, што расіянам не ўдалося зламаць ні ўкраінцаў, ні краіны, якія падтрымліваюць Украіну.
Падрабязная праграма візіту прэзідэнтаў Чэхіі і Славакіі ва Украіну не апублікаваная з меркаванняў бяспекі. СМІ мяркуюць, што акрамя сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім яны таксама паразмаўляюць з прэмʼер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалем.
ав