Беларуская Служба

У Расіі пачалі актыўна прапагандаваць прымусовую працу для патрэб вайны

28.05.2023 11:13
Пра гэта паведамілі аналітыкі брытанскай разведкі ў свежым аглядзе.
   ,
Бігборг на прадмесці Масквы, які рэкламуе вайну ва УкраінеFoto: PAP/EPA/MAXIM SHIPENKOV

«У апошні час тон публічных выступаў у РФ перайшоў ад пакарання крытыкаў вайны супраць Украіны да заклікаў да грамадзян актыўна ахвяраваць сабой у падтрымку ваенных намаганняў», – тлумачыцца ў аглядзе разведкі.

Брытанскія аналітыкі адзначылі, што расійскія дзяржаўныя СМІ і бізнес-групы звярнуліся ў міністэрства эканомікі з просьбай дазволіць увесці шасцідзённы працоўны тыдзень, улічваючы эканамічныя патрабаванні вайны. Хутчэй за ўсё, працаўнікам за гэта не будзе дадатковай аплаты.

У брытанскай разведцы прывялі прыклад, што 21 мая адна з асноўных расійскіх прапагандыстак Маргарыта Сіманьян заявіла, што расіяне павінны працаваць на заводах па вытворчасці боепрыпасаў дадаткова па дзве гадзіны за дзень.

«Гэтыя заявы відавочна пераклікаюцца з савецкім грамадскім прымусам. Гэта таксама падкрэслівае, што Крэмль, верагодна, лічыць эканамічныя паказчыкі вырашальным фактарам перамогі ў вайне», – канстатавалі ў брытанскай разведцы.

Эканамічныя праблемы РФ

У РФ у траўні зафіксаваны самы вялікі дэфіцыт працоўнай сілы. А ў красавіку апытанне паказала, што на 35% прадпрыемстваў РФ не хапае працоўных рук. Гэта найвышэйшы паказчык з 1996 года. Недахоп звязаны з мабілізацыяй насельніцтва, якая пачалася з верасня мінулага году.

Акрамя таго, у РФ будуць прымушаць наведвальнікаў рэстаранаў і бараў аплачваць вайну ва Украіне.

unian.ua/яс