Заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын працягвае славеснае супрацьстаянне з кіраўніцтвам Расіі, у прыватнасці, Мінабароны. На гэты раз ён развянчаў міфы прапаганды, якія гадамі ўлівалі ў вушы расіянам.
У інтэрв'ю, апублікаваным прэс-службай Прыгожына, ён заявіў, што вайна ва Украіне пачалася зусім не праз боязі Расеі на фоне магчымага нападу НАТА. «Міністэрства абароны Расіі спрабуе падмануць грамадскасць, падмануць прэзідэнта, і расказаць гісторыю, што з боку Украіны была варʼяцкая агрэсія і яны збіраліся з усім блокам НАТА на нас напасці. Так званая «спецаперацыя» была распачатая абсалютна з іншых прычын - каб Шайгу мог атрымаць маршала», – сказаў ён.
У Мінабароны і Крамлі ўсё яшчэ спадзяюцца перамагчы ў вайне, але праз адсутнасць нармальнага кіравання войскамі ваенныя поспехі немагчымыя, падкрэсліў кіраўнік наймітаў. Таму Мінабароны даводзіцца «старанна падманваць» Пуціна. На самой справе, паводле словаў Прыгожына, расіяне прайграюць у гэтай вайне.
Прыгожын выдаў і шэраг іншых цікавых заяў, якія наўрад ці спадабаюцца кіраўніцтву ягонай краіны. Ён даў зразумець, што Украіна не бамбіла мірных гарадоў Данбаса апошнія 8 гадоў, а біла толькі па пазіцыях расіян. І адзначыў, што на працягу апошніх 8 гадоў Данбас раскрадаўся, у тым ліку супрацоўнікамі адміністрацыі прэзідэнта Расіі. Ён таксама раскрытыкаваў стан войска Расійскай Федэрацыі ў пачатку ўварвання ва Украіну. Паводле ягоных слоў, яно было ў «недасканалым стане».
нг