Вайна з Расіяй азначае не толькі разбурэнне гарадоў і гібель салдат і мірных жыхароў, але і спусташэнне чарназёмаў, гэта значыць адной з самых урадлівых глеб у свеце. Не выключана, што на некаторых сельскагаспадарчых землях давядзецца ствараць зоны адчужэння, папярэджвае партал «Украінская праўда».
Украінскія землі – сапраўдны скарб. Украіна займае менш за палову адсотка агульнай плошчы Зямлі, але мае каля 6-8 працэнтаў сусветных рэсурсаў чарназёму. Таму краіна лічыцца адным з амбараў свету.
На думку навукоўцаў, расійскі абстрэл ужо нанёс непапраўную экалагічную шкоду. У якасці прыкладу партал прыводзіць раён пад Ізюмам Харкаўскай вобласці, дзе на адным квадратным кіламетры налічылі больш за 2 тысячы варонак ад снарадаў. Гэта значыць, што там было вырвана каля 90 тысяч тон зямлі і забруджана яе тонамі жалеза, медзі, серы і іншых металаў, наяўнасць якіх несумяшчальная з сельскагаспадарчай дзейнасцю.
«Украінская праўда» прывяла вынікі праверкі складу грунту, знойдзенага ў варонцы ад снарада каля аднаго з сёлаў у Мікалаеўскай вобласці на поўдні краіны. Кілаграм гэтай глебы ўтрымліваў каля 600 міліграмаў свінцу, што больш чым у 20 разоў перавышала дазволеную норму.
ав