Украіна мае шанцы на прарыў – мяркуе пасол ЗША ў АБСЕ Майкл Карпентэр (Michael Carpenter). Прадстаўнік ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе сказаў карэспандэнту Польскага радыё, што пакуль рана рабіць высновы пра стан контрнаступу.
Майкл Карпентэр адзначыў, што больш за 18 месяцаў поўнамаштабнай вайны навучылі нас, што ход падзей можа мяняцца хутка і нечакана.
- Тое, што ў пэўны момант здаецца перавагай Расіі ці Украіны, можа змяніцца ў вельмі кароткі час і накіраваць падзеі ў іншы бок. Украінскія ўзброеныя сілы дзейнічаюць вельмі сістэматычна, прадумана і ўсё яшчэ маюць шанец на прарыў. Я не прадбачваю, што гэта адбудзецца на наступным тыдні, але шанец усё яшчэ ёсць.
Майкл Карпентэр ацаніў, што ўкраінцы маюць маральна-псіхалагічную перавагу, бо, дадаў ён, яны абараняюць свае гарады і вёскі ад жорсткага агрэсара. Амерыканскі дыпламат таксама падкрэсліў, што яна атрымлівае пастаянную падтрымку з боку яго краіны і заходняй кааліцыі. Ён нагадаў, што на гэтым тыдні ЗША абвясцілі пра чарговы пакет ваеннай дапамогі на 250 мільёнаў долараў. «Таму я думаю, што Украіна выйграе. Проста цяжка прадбачыць, што адбудзецца ў бліжэйшыя некалькі тыдняў», – дадаў Майкл Карпентэр.
Суразмоўца Польскага радыё таксама ацаніў, што пытанне перадачы Украіне знішчальнікаў F-16 патрабуе часу, каб укараніць гэтыя машыны ва ўкраінскую сістэму. «Але ім несумненна патрэбная паветраная абарона, несумненна, ім патрэбная супрацьпаветраная абарона», – сказаў дыпламат.
нг