Беларуская Служба

Варшава і Кіеў павінны як мага хутчэй спыніць свае спрэчкі

21.09.2023 16:02
«Дзеля агульнай, найважнейшай мэты – абароны Еўропы ад агрэсіўнай, экспансіянісцкай палітыкі Расіі».
Гітанас НаўседаPAP/EPA/ADAM GRAY

Варшава і Кіеў павінны як мага хутчэй спыніць свае спрэчкі, заявіў у чацвер агенцтву BNS прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, які сустрэўся ў Нью-Ёрку з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, дзе праходзіць 78-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН.

«Дзеля агульнай, найважнейшай мэты – абароны Еўропы ад агрэсіўнай, экспансіянісцкай палітыкі Расіі – спрэчкі паміж Украінай і Польшчай павінны быць вырашаны як мага хутчэй», – пракаментаваў Наўседа.

Гэтую пазіцыю, паводле інфармацыі канцылярыі прэзідэнта Літвы, Наўседа выклаў у дачыненні да прэзідэнтаў Дуды і Зяленскага. Кіраўнік Літвы падкрэсліў, што роля Польшчы ў падтрымцы Украіны падчас вайны з Расіяй унікальная і неабходна знайсці рашэнні, каб крызіс у адносінах паміж дзвюма краінамі не паглыбляўся.

«У дадзеным выпадку гаворка ідзе не аб бяспецы асобных краін, а аб бяспецы ўсяго рэгіёна і нават кантынента. Гісторыя паказала, што толькі сумеснымі намаганнямі, падтрымкай і ўзаемадапамогай можна перажыць знешнія пагрозы», – сказаў Наўседа. На яго думку, публічныя спрэчкі, незалежна ад іх прычын, служаць варожай прапагандзе.

Падчас сустрэч з Дудам і Зяленскім прэзідэнт Літвы таксама гаварыў пра спосабы спрашчэння транспарціроўкі збожжа праз Польшчу і павелічэння транзіту праз Літву, што зменшыць ціск на Польшчу, паведамілі ў канцылярыі прэзідэнта Літвы.

Варшава і Кіеў занялі розныя пазіцыі адносна імпарту ўкраінскага збожжа ў Польшчу, што прывяло да абвастрэння рыторыкі паміж краінамі. У сераду ў інтэрв'ю Polsat News прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што цяпер Польшча не перадае Украіне ніякай зброі, бо цяпер «мы будзем узбройвацца самай сучаснай зброяй».

На думку міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаўскаса, стаўленне Варшавы да паставак зброі Кіеву застаецца нязменным, а словы прэмʼера Маравецкага былі скажоныя СМІ.

ав

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі: Урад больш не адпраўляе зброю ва Украіну, таму што цяпер узбройвае Польшчу

21.09.2023 09:00
Ён дадаў, што ўрад засяроджваецца на мадэрнізацыі і хуткім узбраенні польскай арміі, каб яна хутка стала адной з наймацнейшых у Еўропе.