Беларуская Служба

Еўракамісія адправіла ў еўрапейскія сталіцы праект новага пакета санкцый супраць Расіі

15.11.2023 16:02
Чыноўнікі прапануюць увесці санкцыі супраць людзей, якія маюць дачыненне да русіфікацыі і незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей.
Сцяг ЕўрасаюзаCapri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Асобы, адказныя за русіфікацыю ўкраінскіх дзяцей на акупаваных тэрыторыях Украіны, будуць ахопленыя санкцыямі ЕС. Гэта адна з мераў 12-га пакета эканамічных абмежаванняў супраць Расіі. Спіс пакуль мае сакрэтны характар. Ён будзе апублікаваны пасля аднагалоснага ўхвалення краінамі ЕС. Еўракамісія накіравала праект новага пакета санкцый у еўрапейскія сталіцы ўчора вечарам, даведалася карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка:

- Украінскіх дзяцей не толькі выкрадаюць, вывозяць у глыб Расіі і незаконна ўсынаўляюць, што з’яўляецца ваенным злачынствам, але таксама падвяргаюць перавыхаванню і русіфікацыі на тэрыторыях Украіны, акупаваных Расіяй. Там ствараюцца лагеры перавыхавання, вядзецца антыўкраінская прапаганда, праводзяцца заняткі рускай культуры, урокі «патрыятызму». Арганізуюцца сустрэчы з расійскімі ветэранамі. Дзеці ў гэтых лагерах праходзяць ваенную падрыхтоўку.
Цяпер Еўракамісія прапанавала ўвесці санкцыі супраць людзей, якія кіруюць лагерамі і супрацоўнікаў няўрадавых арганізацыяў, якія дапамагаюць у русіфікацыі ўкраінскіх дзяцей, а таксама тых, хто працуе ва ўладных структурах акупаваных рэгіёнаў, дзе гэтая русіфікацыя адбываецца. Больш за тое, у санкцыйным спісе ёсць і чарговыя прапагандысты, арганізатары незаконных, фіктыўных рэферэндумаў мінулага і гэтага года ва Украіне, кіраўнікі чарговых ваенных кампаній і алігархі. Ёсць таксама некалькі высокапастаўленых беларусаў, якія дапамагалі забяспечваць Расію ваеннай тэхнікай для вядзення вайны ва Украіне і арганізоўвалі лагеры для расійскіх жаўнераў.

IAR/аз