Беларуская Служба

Венгрыя працягвае блакаваць выплату сродкаў краінам ЕС, якія пастаўляюць зброю Украіне

02.12.2023 18:01
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Венгрыя патрабуе ад Украіны гарантый для свайго банка.
Сцяг ВенгрыіPhoto:RGY23/pixabay.com/CC0 Public Domain

Венгрыя працягвае блакаваць выплату кампенсацый краінам ЕС, якія пастаўляюць Украіне зброю ў рамках гэтак званага Еўрапейскага фонду міру, паведаміла крыніца ў ЕС. У выпадку Польшчы гаворка ідзе пра больш за 800 мільёнаў еўра.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Венгрыя патрабуе ад Украіны гарантый таго, што ейны OTP Bank не вернецца ў спіс арганізацый, якія лічацца спонсарамі расійскай вайны. Аднак Кіеў пакуль не дае гэткай гарантыі, хоць раней выключыў венгерскі банк з санкцыйнага спісу.

«Польшча з'яўляецца краінай-членам, якая перадае Украіне найбольшую колькасць узбраення, таму кампенсацыі ЕС для нас зʼяўляюцца самымі высокімі сярод краін-членаў», – пацвердзіў у размове з PAP амбасадар Польшчы ў ЕС Анджэй Садась.

Заснаваны ў 2021 годзе Еўрапейскі фонд міру, зʼяўляецца пазабюджэтным інструментам, накіраваным на павышэнне здольнасці ЕС прадухіляць канфлікты, будаваць мір і ўмацоўваць міжнародную бяспеку. За апошнія 20 месяцаў ён выкарыстоўваўся для кампенсацыі выдаткаў краін-членаў на пастаўкі зброі ва Украіну. Зараз працягваюцца дыскусіі аб павелічэнні бюджэту Еўрапейскага фонду міру.

Нагадваем, на пачатку траўня ўкраінскае Нацыянальнае агенцтва па прадухіленні карупцыі ўнесла венгерскі OTP Bank у спіс міжнародных спонсараў вайны. Рашэнне стала адказам на працяг дзейнасці банка ў Расіі.

OTP Bank – найбуйнейшы камерцыйны банк Венгрыі і адзін з лідараў на рынку фінансавых паслуг у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён абслугоўвае некалькі мільёнаў кліентаў у 11 краінах.

PAP/аз

Польскае радыё неафіцыйна: праблемы з дыяментамі ў 12-м пакеце санкцый супраць Расіі

02.12.2023 14:01
Краіны-члены Еўрасаюза абмяркоўваюць праект 12-га пакета санкцый супраць Расіі за вайну ва Украіне.