Беларуская Служба

Міністр абароны Чэхіі: У запасах арміі больш няма тэхнікі, якую можна было б перадаць Украіне

12.12.2023 16:59
Міністр абароны Чэхіі Яна Чэрнахава заявіла, што чэшскае войска больш не мае адпаведнай тэхнікі, якую можна было б перадаць Украіне. Яна запэўніла, што міністэрства не будзе перашкаджаць камерцыйным пастаўкам.
 .
Ілюстрацыйнае фота.facebook.com / General Staff of the Armed Forces of Ukraine

Міністр падкрэсліла, што камерцыйныя кантракты на пастаўку зброі ўкраінскаму войску з'яўляюцца відавочным імпульсам для зброевай прамысловасці і эканомікі. Яна Чэрнахава (Jana Černochová) абвясціла, што агульны кошт ліцэнзій, атрыманых чэшскай зброевай прамысловасцю на экспарт прадукцыі ва Украіну, складае прыкладна 21 мільярд злотых. Пакуль што камерцыйныя пастаўкі зробленыя менш чым на палову гэтай сумы.

У рамках ваеннай дапамогі з дзяржаўных рэсурсаў Прага з пачатку вайны перадала тэхнікі намінальным коштам больш, чым на мільярд злотых. Украіна атрымала, у тым ліку, танкі, баявыя машыны для пяхоты, баявыя верталёты, самаходныя гаўбіцы і рэактыўныя сістэмы залпавага агню.

Падчас прэсавай канферэнцыі, на якой падводзіліся вынікі дзейнасці Міністэрства абароны за апошні год, Яна Чэрнахава згадала пра магчымую закупку танкаў Leopard. Кіраўніца ведамства сказала, што Чэхія і Германія маюць намер звяртацца да краін Балтыі ў пошуку далейшых партнёраў. Паводле яе слоў, Славакія першапачаткова таксама выказала зацікаўленасць у сумеснай закупцы.

IAR/вх