Беларуская Служба

Генштаб падаў запыт на мабілізацыю 500 тысяч чалавек - Зяленскі

19.12.2023 19:22
У Кіеве прайшла прэсавая канферэнцыя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір ЗяленскіEPA/SERGEY DOLZHENKO Dostawca: PAP/EPA.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сёння правёў прэс-канферэнцыю па выніках года. Сярод іншага, украінскі прэзідэнт пракаментаваў планы далейшай мабілізацыі ўкраінскіх ваеннаабавязаных. 

Паводле слоў прэзідэнта, Генштаб хоча мабілізаваць 500 тысяч чалавек. Зяленскі гэтай лічбы пакуль не зацвердзіў, паколькі пакуль няма разумення па ратацыях і водпусках для тых, хто ваюе. Комплексны план будзе падрыхтаваны і пададзены ў Вярхоўную Раду на разгляд.

Зяленскі лічыць, што мабілізацыя ў такім фармаце будзе каштаваць краіне 500 мільярдаў грывень. Украінскі прэзідэнт выступіў супраць мабілізацыі жанчын.

Прэзідэнт Украіны заявіў, што ўкраінская прамысловасць на працягу наступнага года мае намер вырабіць мільён дронаў. На думку заходніх ваенных экспертаў, беспілотныя апараты вельмі змянілі прынцыпы вядзення баявых дзеянняў на вайне ва Украіне.

Апошняе пытанне на прэс-канферэнцыі зноў тычылася адносін прэзідэнта з галоўнакамандуючым ВСУ Валерыем Залужным. Зяленскі сказаў, што глаўкам з'яўляецца такім самым ягоным прадстаўніком, як і іншыя службовыя асобы, і ён чакае ад іх канкрэтных вынікаў.

На гэтым размова Зяленскага з журналістамі, якая працягвалася крыху больш за дзве гадзіны, скончылася.

юл