Беларуская Служба

У выніку абмену палоннымі ва Украіну вярнуліся 200 чалавек, у Расію – 248 чалавек

03.01.2024 18:06
Гэта найбуйнейшы абмен паміж Украінай і Расіяй з часоў поўнамаштабнага ўварвання Крамля супраць украінскай дзяржавы.
  200
Больш за 200 украінскіх ваеннапалонных і зняволеных мірных жыхароў вярнуліся дадому з расійскага палонуhttps://www.facebook.com/zelenskyy.official

Больш за 200 украінскіх ваеннапалонных і зняволеных мірных жыхароў вярнуліся дадому з расійскага палону, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Як піша Reuters, Міністэрства абароны Расіі заявіла, што ў Расію з Украіны вярнуліся 248 расійскіх ваеннапалонных. Там дадалі, што абмен адбыўся ў выніку «складаных» перамоваў з удзелам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у якасці пасярэдніка.

«Нашы людзі дома. Больш за 200 нашых вайскоўцаў і мірных грамадзян вярнуліся з расійскага палону – салдаты, сяржанты, афіцэры; вайскоўцы Узброеных сіл, Нацгвардыі, ВМФ; памежнікі. Некаторыя з іх абаранялі Марыупаль і »Азоўсталь», напісаў Зяленскі ў сацсетках.

Прэзідэнт запэўніў, што Украіна робіць усё, каб усе ўкраінцы, якія знаходзяцца ў расійскім палоне, вярнуліся дадому.

Каардынацыйны штаб па абмене палоннымі паведаміў, што на радзіму вярнуліся 230 украінцаў. Падкрэслівалася, што гэта найбуйнейшы абмен паміж Украінай і Расіяй з часоў поўнамаштабнага ўварвання Крамля супраць украінскай дзяржавы.
яс