Выкарыстанне расіянамі тэрміналаў Старлінк на акупаваных тэрыторыях Украіны «пачынае набываць сістэмны характар», заявіў у нядзелю прадстаўнік украінскай ваеннай выведкі Андрэй Юсаў.
«Зафіксаваныя выпадкі выкарыстання акупантамі гэтых прылад. Гэта пачынае набываць сістэмны характар», – сказаў Юсаў, словы якога прыводзіць сайт РБК Украіна.
Паводле ўкраінскай выведкі, Старлінк выкарыстоўваюцца падраздзяленнямі 83-й дэсантна-штурмавой брыгады РФ, якія дзейнічаюць у Данецкай вобласці, у раёне населеных пунктаў Клішчаўка і Андрыіўка. «Перахопленыя па радыё размовы акупантаў сведчаць аб устаноўцы тэрміналаў Старлінк у падраздзяленнях 83-й брыгады», – гаворыцца ў паведамленні выведкі ў Тэлеграме.
Раней Амерыканскі інстытут вайны (ISW) паведамляў, што, паводле ўкраінскіх і расійскіх крыніц, расіяне пачалі выкарыстоўваць гэтыя тэрміналы. Адна з украінскіх крыніц паведаміла, што расійскі бок набыў доступ да Старлінка ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Старлінк заявіў, што яго аператар SpaceX не супрацоўнічае з расійскім урадам або арміяй і не прадаваў паслугі або абсталяванне Расіі.
У жніўні мінулага года паведамлялася, што з лютага 2022 года, то бок пачатку расійскай агрэсіі, SpaceX даставіла ва Украіну больш за 40 тысяч тэрміналаў, падлучаныя да спадарожнікавай сеткі Старлінк. Гэтыя прылады забяспечваюць украінскім вайскоўцам сувязь у складаных умовах на фронце.
ав