Злучаныя Штаты Амерыкі ў сакрэце перадалі Украіне ракеты далёкага радыусу дзеяння ATACMS, пацвердзіў Белы дом. Украінскія войскі выкарыстоўвалі іх, між іншым, каб атакаваць аэрапорт у Крыме і расійскія войскі на паўднёвым усходзе Украіны.
Рашэнне накіраваць ва Украіну значную колькасць ракет з радыусам дзеяння да 300 кіламетраў прыняў прэзідэнт Джо Байдэн пасля выкарыстання Расіяй карэйскіх балістычных ракет і нападаў на ўкраінскую інфраструктуру, заявіў дарадца прэзідэнта ЗША Джэйк Саліван:
- Раней мы не маглі перадаць гэтыя сістэмы з-за ўласнай абароназдольнасці. Але адначасова наш урад рабіў усё магчымае, каб павялічыць вытворчасць. Цяпер у нас вялікая колькасць ракет ATACMS сыходзіць з вытворчых ліній і запоўнівае склады зброі ў ЗША.
Джэйк Саліван заявіў, што ЗША працягнуць пастаўкі ракет ATACMS ва Украіну. Ён таксама выказаў упэўненасць, што Украіна пераможа ў вайне з Расіяй.
Нагадваем, учора прэзідэнт Джо Байдэн падпісаў пакет падтрымкі Украіны і іншых хаўруснікаў ЗША. Пакет уключае 61 мільярд долараў для Кіева. Байдэн абяцаў, што перадача амерыканскай зброі ва Украіну пачнецца неадкладна.
IAR/аз