Беларуская Служба

Старшыня Еўракамісіі раскрытыкавала прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана за яго візіт у Маскву

05.07.2024 15:33
Хаця Венгрыя ўжо некалькі дзён старшынюе ў працы Еўрасаюза, Віктар Орбан не мае ніякіх паўнамоцтваў ад краін-чальцоў. 
Ursula von der Leyen
Ursula von der LeyenPAP/EPA/CLEMENS BILAN

«Саступкі Пуціна не спыняць. Толькі адзінства і рашучасць пракладуць шлях да поўнага, справядлівага і трывалага міру ва Украіне», — напісала Урсула фон дэр Ляен на платформе X.

Негатыўна гэты візіт ацаніў і кіраўнік дыпламатыі ЕС. Ён падкрэсліў, што хоць Венгрыя ўжо некалькі дзён старшынюе ў працы Еўрасаюза, Віктар Орбан не мае ніякіх паўнамоцтваў ад краін-чальцоў. Больш за тое, краіна, якая старшынюе, не можа прадстаўляць увесь Саюз навонкі. За гэта адказвае альбо старшыня Еўрапейскай рады, альбо міністр замежных спраў ЕС. Жазэп Барэль напісаў на платформе X, што гэты візіт выключна двухбаковы, у рамках адносінаў Венгрыі з Расіяй.

Учора Віктара Орбана таксама папярэдзіў прэзідэнт Еўрапейскай рады Шарль Мішэль. Ён напісаў, што пазіцыя Еўрасаюза адназначная — Расія - агрэсар, а Украіна — ахвяра, і падкрэсліў, што ніякіх размоваў пра Украіну без Украіны не можа быць.

яс/IAR