Беларуская Служба

Украінскія абаронцы збілі дзясяткі беспілотнікаў, запушчаных Расіяй

21.07.2024 10:40
Аб расійскіх атаках згадаў у сваім Тэлеграм-канале прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
.   Shahed.
Ілюстрацыя. Іранскі дрон Shahed. Фота: shutterstock/Anelo

Украінская супрацьпаветраная абарона збіла 35 з 39 беспілотнікаў, якія Расія запусціла мінулай ноччу. Пра гэта штаб у Кіеве паведаміў у Telegram.

Дроны ляцелі між іншым у бок украінскай сталіцы. Усе яны былі збітыя, не даляцеўшы да Кіева. Абласныя ўлады заявілі, што інфармацыі аб ахвярах і разбурэннях няма. Гэта была пятая атака расійскіх беспілотнікаў на Кіеў за апошнія два тыдні.

Аб расійскіх атаках згадаў у сваім Тэлеграм-канале прэзідэнт Уладзімір Зяленскі:

«Калі расійская авіяцыя кожны дзень выпускае больш за сотню кіраваных бомбаў па нашых гарадах і вёсках, па нашых пазіцыях на перадавой, нам патрэбна надзейная абарона і ад іх.

Гэта рэальна, калі знішчыць бамбаносцы – расійскія вайсковыя самалёты там, дзе яны знаходзяцца. Наш патэнцыял далёкага дзеяння павінен быць справядлівым адказам на расійскі тэрор. І кожны, хто падтрымлівае нас у гэтым, падтрымлівае абарону ад тэрору».

IAR/нг