Украінскія ўлады затрымалі групу асобаў, якія па загадзе Расіі планавалі серыю падпалаў грамадзянскіх аб'ектаў і крытычнай інфраструктуры ў Польшчы і краінах Балтыі, паведаміла ў чацвер Генпракуратура Кіева.
Групай кіраваў жыхар Івана-Франкоўска, які праз інтэрнэт шукаў ахвотных далучыцца да дыверсійнай дзейнасці на карысць Расіі.
«Кандыдаты павінны былі рыхтаваць і здзяйсняць падпалы грамадзянскіх абʼектаў і крытычнай інфраструктуры ва Украіне, Польшчы і краінах Балтыі», – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
У выніку прынятых дзеянняў украінскія ўлады затрымалі трох чалавек, у дачыненні да якіх узятыя меры стрымання.
«Яны падазраюцца ў дзяржаўнай здрадзе, падрыхтоўцы наўмыснага знішчэння чужой маёмасці шляхам яе падпалу, а таксама ў вырабе, перасылцы і збыце незаконна вырабленых галаграфічных ахоўных элементаў, а таксама ў падробцы і збыце падробленых дакументаў», – паведамілі ў пракуратуры.
У рамках расследавання паліцыя адначасова правяла каля 40 ператрусаў у Днепрапятроўскай, Запарожскай, Івана-Франкоўскай, Палтаўскай і Кіеўскай абласцях.
Паліцыя канфіскавала зброю і боепрыпасы, дзевяць аўтамабіляў і наяўныя грошы на суму больш за 90 тысяч долараў. Былі таксама канфіскаваныя падробленыя пасведчанні аб рэгістрацыі транспартных сродкаў, медыцынскія даведкі, атэстаты аб заканчэнні школы і тысячы чыстых бланкаў.
РАР/ав