Беларуская Служба

Чырвоны Крыж прыпыніў сваю дзейнасць у Дняпры пасля таго, як члены арганізацыі загінулі ў выніку расійскай атакі

14.09.2024 16:28
Грузавік Чырвонага Крыжа з гуманітарнай дапамогай быў знішчаны. Акрамя трох загінулых, два чалавекі атрымалі раненні. Усе яны былі штатнымі супрацоўнікамі Чырвонага Крыжа.
Трое супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа загінулі ў выніку расійскай атакі www.facebook.com/zelenskyy.official

Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа прыпыніў сваю дзейнасць у Дняпры ва ўсходне-цэнтральнай частцы Украіны пасля гібелі трох членаў місіі ў выніку расійскай атакі - паведаміў прадстаўнік арганізацыі Аляксандр Уласенка.

Прадстаўнік місіі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ва Украіне ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» адзначыў, што місія мае офісы ў Харкаве, Адэсе, Дняпры, Львове і штаб-кватэру ў Кіеве. На акупаваных Расіяй тэрыторыях таксама есць офісы ў Луганску і Данецку.

Пасля нападу ў чацвер, у выніку якога трое прадстаўнікоў місіі загінулі і двое былі параненыя, офіс у Дняпры на некаторы час прыпыніў сваю дзейнасць.

Напад на місію адбыўся ў Данецкай вобласці на ўсходзе Украіны.

Уласенка паведаміў, што на місію напалі яшчэ да пачатку раздачы гуманітарнай дапамогі на прыфрантавой тэрыторыі. Арганізацыя прааналізуе сваю палітыку бяспекі пасля нападу.

«Але я думаю, што мы хутка вернемся да нашай штодзённай працы, таму што мы тут працуем, таму што ў прыфрантавой зоне жывуць людзі, якім патрэбна наша дапамога», — сказаў Уласенка.

РАР/вх