Еўрасаюз выдзеліць амаль 160 мільёнаў еўра на падтрымку Украіны, паведаміла кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Большая частка гэтых сродкаў паступіць з замарожаных расійскіх актываў.
«Мы забяспечым дадатковую суму амаль 160 мільёнаў еўра на гэтую зіму», — сказала Урсула фон дэр Ляен, патлумачыўшы, што «гэта ўключае ў сябе 60 мільёнаў еўра на гуманітарную дапамогу, а таксама прыкладна 100 мільёнаў еўра на рамонтныя работы ды аднаўляльныя крыніцы энергіі».
Кіраўніца Еўракамісіі дадала, што «гэтыя 100 мільёнаў еўра паходзяць з даходаў ад замарожаных расійскіх актываў у Еўрасаюзе». Паводле яе слоў, «Расія павінна заплаціць за нанесеныя ёю разбурэнні».
Урсула фон дэр Ляен падкрэсліла, што гэтай зімой ставіцца задача аднавіць ва Украіне 2,5 ГВт электраэнергіі, гэта значыць прыкладна 15% энергапатрэб краіны.
Кіраўніца Еўракамісіі адзначыла, што пакуль удалося адправіць больш за 10 тысяч электрагенератараў і трансфарматараў ва Украіну. Апроч таго працягваецца, сярод іншага, дэмантаж цеплаэлектрастанцыі ў Літве, якая частка за часткай возіцца ва Украіну, дзе будзе зноў запушчана.
Паводле ацэнак уладаў ЕС, падтрымка ўкраінскага энергетычнага сектара з лютага 2022 года склала не менш за 2 мільярды еўра.
ПР/юл