Беларуская Служба

Расія завербавала дэпутата ад Ірландыі, каб ён перашкаджаў падчас перамоваў аб брэксіце - The Sunday Times

06.10.2024 16:40
Ірландскія вайскоўцы і службы бяспекі ўстанавілі асобу палітыка, які па-ранейшаму засядае ў парламенце.
Еўрапарламент By Diliff - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35972521

Падчас перамоваў аб умовах выхаду Вялікабрытаніі з ЕС расійская выведка завербавала ірландскага еўрадэпутата з мэтай паслаблення адносін паміж Вялікабрытаніяй, Ірландыяй і Еўрасаюзам, паведаміла газета The Sunday Times.

Ірландскія вайскоўцы і службы бяспекі ўстанавілі асобу палітыка, які па-ранейшаму засядае ў парламенце. The Sunday Times ведае яго прозвішча, але, па юрыдычных прычынах, раскрыць яго не можа. Таму ў артыкуле называе мужчыну Кобальтам.

Паводле звестак выдання, Кобальт сустракаўся з Сяргеем Пракоп'евым, шпіёнам, які працаваў у расійскай амбасадзе ў Дубліне з 2019 па 2022 год. Кобальт нібыта прапанаваў дапамогу ў наладжванні кантактаў паміж расейцамі і ўзброенымі групоўкамі ў Паўночнай Ірландыі.

Хутчэй за ўсё, што Крэмль спадзяваўся выкарыстаць напружанасць і аслабіць адносіны паміж Вялікабрытаніяй, Ірландыяй і ЕС падчас важнай фазы перамоваў.

Кіраўнікі спецслужбаў мяркуюць, што Кобальт, які не атрымліваў ад расейцаў ніякіх грашовых сродкаў, быў завербаваны з дапамогай «любоўнай пасткі», то бок яго шнтажавалі матэрыяламі сексуальнага характару.

Кобальта нельга было арыштаваць або абвінаваціць у шпіянажы, таму што ён не меў доступу да ніякіх сакрэтных матэрыялаў і таму не мог раскрыць іх зместу варожай дзяржаве.

Спецслужбы мяркуюць, што яго выкарыстоўвалі для зрыву грамадскай дыскусіі або прасоўвання блізкіх да Крамля поглядаў.

PAP/аз