Еўропа павінна прыняць вердыкт Амерыкі і падтрымаць трансатлантычнае партнёрства – да такой высновы прыйшоў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск на сустрэчы Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Будапешце.
У саміце прынялі ўдзел не толькі лідары краін Еўрасаюза, але і Вялікабрытаніі, Балкан, Турцыі і Малдовы. Галоўнай тэмай абмеркавання стала магчымая форма адносін з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у кантэксце развіцця сітуацыі ва Украіне. Дональд Туск падкрэсліў, што еўрапейскія лідары маюць адзіную пазіцыю ў гэтым пытанні:
– Дамінавала атмасфера: Let bygones be bygones , як кажуць за акіянам, гэта значыць «пакінем мінулае ў мінулым». Усе: і прэзідэнт Турцыі, і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі, і лідары Еўрасаюза хочуць узяць на сябе большую адказнасць за захаванне добрых трансатлантычных адносін, нягледзячы на тое, як яны паставіліся да вынікаў выбараў. Усе разумеюць, што нас чакаюць вельмі цяжкія часы, а Польшча — асаблівае месца, таму так важна, каб мы захоўвалі спакой.
Кіраўнік польскага ўраду анансаваў таксама сустрэчы з лідарамі еўрапейскіх краін. Пасля саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці таксама адбыўся нефармальны саміт Еўрапейскай рады ў Будапешце.
эж