Папа Рымскі Францішак заклікаў моладзь не шукаць апладысментаў і папулярнасці любой цаной. У Сусветныя лакальныя дні моладзі і ва Урачыстасць Ісуса Хрыста, Валадара Сусвету, Францішак цэлебраваў урачыстую Імшу ў ватыканскай базіліцы.
Звяртаючыся да моладзі, пантыфік сказаў, што тыя, хто шукае адабрэння і папулярнасці, жывуць у трывозе, штурхаюць адзін аднаго локцямі, ідуць на кампрамісы з сумленнем і прадаюць свае ідэалы:
— Не задавальняйцеся тым, што аднойчы станеце зоркай у сацыяльных сетках або ў любым іншым кантэксце! Вы пакліканы ззяць у большым небе, небе любові і Бога.
Францішак звярнуў увагу на тое, што не прызнанне або лайкі ратуюць свет і робяць чалавека шчаслівым, але бескарыслівасць любові.
Напрыканцы набажэнства дэлегацыя партугальскай моладзі, арганізатараў апошніх Сусветных дзён моладзі, перадала свае сімвалы — крыж і абраз Марыі «Уратаванне народа Рымскага» — паўднёвакарэйскай дэлегацыі, якая будзе прымаць мерапрыемства праз тры гады.
iar/эж