Лідары чатырох апазіцыйных грузінскіх партый заклікалі грамадзян з панядзелка ўзяць адпачынак або выхадныя, каб далучыцца да пратэстаў, паведамляе «Рэха Каўказа».
Апазіцыя таксама папрасіла працадаўцаў паставіцца з разуменнем да рашэнняў супрацоўнікаў і даць ім адпачынак. Заяву падпісала кааліцыя чатырох партый: «Адзіны нацыянальны рух», «Моцная Грузія», «Кааліцыя за перамены» і «Гахарыя — за Грузію».
У панядзелак школы і ўніверсітэты прыпынілі працу. Настаўнікі і выкладчыкі ВНУ працягваюць антыўрадавую забастоўку.
У ноч з нядзелі на панядзелак перад парламентам Грузіі і на галоўным сталічным праспекце Руставелі адбыліся чарговыя сутычкі паміж дэманстрантамі і спецназам. Пратэстоўцы напалі на паліцыю з выкарыстаннем піратэхнікі, а службы адказалі вадамётамі і слезацечным газам.
Тэмпература апусцілася ніжэй за нуль градусаў, таму ў цэнтры Тбілісі запалілі вогнішчы, каб дэманстранты маглі пагрэцца і высушыць мокрую вопратку. Непасрэдна перад будынкам Нацыянальнай оперы Грузіі была ўзведзеная барыкада, якую раніцай разабралі службы. Чацвёртая ноч пратэстаў скончылася да світання жорсткім падаўленнем дэманстрацый і далейшымі арыштамі як на вуліцах, так і на станцыях метро. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сярод затрыманых грузінскі журналіст.
У панядзелак МУС паведаміла, што ў выніку начных акцый пратэстоўцаў пацярпеў 21 функцыянер. Усяго за апошнія чатыры дні пацярпелі 113 паліцэйскіх; чацвёра з іх застаюцца ў бальніцы. Колькасць пацярпелых у міністэрстве не паведамляюць.
У той жа час паведамлялася, што за апошнія дні колькасць затрыманых павялічылася да 224. У паведамленні МУС гаворыцца, што за напад на супрацоўнікаў міліцыі і знішчэнне маёмасці двум асобам пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Астатніх дэманстрантаў абвінавацілі ў супраціве або хуліганскіх дзеяннях. У дачыненні да трох чалавек распачатыя крымінальныя справы за спробу падпалу будынка парламента Грузіі.
Тбілісі, разгон дэманстрантаў
Як паведамляюць мясцовыя СМІ са спасылкай на вядучыя грузінскія няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, сярод затрыманых ёсць непаўналетнія і жанчыны. Паводле інфармацыі, атрыманай актывістамі, затрыманыя адзначаюць жорсткае абыходжанне з боку паліцыі.
Падчас нядзельнай сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі і няўрадавых арганізацый прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла аб стварэнні спецыяльнага фонду падтрымкі затрыманых удзельнікаў пратэстаў.
З 28 лістапада ў Тбілісі і іншых гарадах Грузіі праходзяць антыўрадавыя дэманстрацыі. Дэманстранты выступаюць супраць палітыкі кіроўнай партыі «Грузінская мара», якая ў той дзень абвясціла аб прыпыненні перамоваў аб уступленні краіны ў ЕС да 2028 года.
ав