Беларуская Служба

Еўракамісія распачала працэс супраць TikTok у сувязі з выбарамі ў Румыніі

17.12.2024 16:16
Справа датычыцца выкарыстання пляцоўкі для замежнага ўмяшання ў ход прэзідэнцкіх выбараў .
TikTok
TikTokshutterstock.com/Mykolastock

Еўрапейская камісія распачала ў аўторак справу супраць TikTok па падазрэнні ў парушэнні заканадаўства ЕС. Справа датычыцца выкарыстання пляцоўкі для замежнага ўмяшання ў ход прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі.

«Мы павінны абараняць нашы дэмакратыі ад любога замежнага ўмяшання. Кожны раз, калі мы падазраём такое ўмяшанне, асабліва падчас выбараў, мы павінны дзейнічаць хутка і рашуча. Улічваючы сур'ёзныя падазрэнні, што замежныя суб'екты ўмешваліся ў прэзідэнцкія выбары ў Румыніі з дапамогай TikTok, мы старанна высвятляем, ці TikTok парушыў Закон аб лічбавых паслугах», — заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Нацыянальны савет румынскага вяшчання (CNA) і Вышэйшы савет нацыянальнай абароны (CSAT) абвінавацілі платформу TikTok у прадастаўленні прэферэнцый прарасійскаму праварадыкальнаму кандыдату Кэліну Джорджэску падчас прэзідэнцкай кампаніі.

Джорджэску заняў першае месца ў першым туры выбараў 24 лістапада, набраўшы амаль 23 працэнты галасоў. Другі тур выбараў павінен быў адбыцца 8 снежня, але Канстытуцыйны суд Румыніі прызнаў прэзідэнцкія выбары несапраўднымі, матывуючы гэта парушэннем выбарчых працэдур.

Камісія будзе расследаваць сістэмы рэкамендацый кантэнту TikTok, у прыватнасці рызыкі маніпуляцый і скажэння, а таксама палітыку кітайскай платформы ў дачыненні да палітычнай рэкламы і платнага палітычнага кантэнту. Калі падазрэнні Камісіі апраўдаюцца, то гэта будзе азначаць, што TikTok парушыў заканадаўства ЕС.

Калі Камісія відавочна выявіць парушэнне Закона ЕС аб ​​лічбавых паслугах (DSA), яна можа прыняць рашэнне аб накладанні штрафу ў памеры да 6% ад сусветнага абароту кампаніі.

ав