Беларуская Служба

У Францыі эпідэмія грыпу, шпіталі перапоўненыя

10.01.2025 17:17
87 шпіталяў Францыі запусцілі т.зв.  «белы план», які прадугледжвае мабілізацыю большай колькасці лекараў, паведаміла ў пятніцу Міністэрства аховы здароўя.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Myriams-Fotos /pixabay.com/CC0 Public Domain

Гэта рэакцыя ўрада на рост колькасці заражаных грыпам.

«Эпідэмія зімовага грыпу, якая звычайна доўжыцца ад дзесяці да 12 тыдняў, узмацнілася ў пачатку студзеня. Гэта прывяло да выключна высокага ўзроўню шпіталізацыі, вышэйшага, чым у папярэднія гады», — заявіла нацыянальнае агенцтва аховы здароўя Францыі SpF. Па дадзеных гэтай установы, павелічэнне колькасці інфекцый у гэтым сезоне закранула больш маладых людзей, чым у папярэднія гады.

«Белы план» — гэта механізм, які дазваляе адкладваць некаторыя менш тэрміновыя медыцынскія працэдуры і адклікаць медперсанал з адпачынку. Раней ён быў задзейнічаны ў  2020 годзе пасля ўспышкі Covid-19 і ў 2022 годзе падчас эпідэміі бранхіту.

Арганізацыі аховы здароўя адзначаюць камбінацыю некалькіх фактараў, якія ўплываюць на рост інфекцый. Па-першае, у сезон адпачынкаў многія медыцынскія ўстановы  зачыняліся, і менавіта на гэты час прыпадала найбольшая колькасць інфекцый. Па-другое, штамы грыпу А (H1N1) і В (Вікторыя) супадаюць, а трэці штам, А (H3N2), зараз расце.

Лепшы спосаб прадухіліць заражэнне — выкарыстанне мер абароны (напрыклад, маскі, дэзінфекцыя рук) і вакцынацыя. Французскае агенцтва адзначыла, што толькі 21 працэнт насельніцтва, якія знаходзяцца ў рэанімацыі ў сувязі з грыпам, атрымалі штогадовую вакцыну.

Міністэрства аховы здароўя нагадвае, што ў 2022—2024 гадах узровень вакцынацыі сярод людзей з групы высокай рызыкі (у тым ліку людзей старэйшых за 65 гадоў і цяжарных жанчын) быў значна вышэйшы і вагаўся ў раёне 50 працэнтаў.

PAP/вх