На ўскраіне кітайскай сталіцы Пекіна будуецца велізарны ваенны комплекс, які, па дадзеных амерыканскай разведкі, павінен служыць камандным цэнтрам падчас вайны і ў 10 разоў перавышаць Пентагон, паведамляе The Financial Times.
Выданне на падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў паведаміла, што камандны цэнтр павінен ахопліваць плошчу ў 1500 акраў і працягнуцца больш чым на 4 км. Будаўніцтва «пекінскага ваеннага гарадка», размешчанага прыкладна ў 30 км на паўднёвы захад ад сталіцы, пачалося ў сярэдзіне мінулага года.
FT адзначае, што хоць вайскоўцаў побач з будаўнічай пляцоўкай заўважана не было, тэрыторыя не нагадвае тыповыя камерцыйныя праекты. У гэтым раёне была ўведзена забарона на фатаграфаванне, палёты беспілотнікаў і доступ да бліжэйшых пешаходных сцежак, а мясцовы ўладальнік крамы назваў гэты раён «ваеннай зонай».
Па словах аналітыкаў, якіх цытуе газета, комплекс, які будуецца, мае «ўсе рысы ключавога ваеннага аб'екта», уключаючы моцныя жалезабетонныя канструкцыі і глыбокія падземныя тунэлі.
«У выпадку пацвярджэння гэты новы ўдасканалены падземны камандны бункер для ваеннага кіраўніцтва, у тым ліку лідара (Кітая) Сі (Цзіньпіна) у якасці старшыні Цэнтральнага ваеннага савета, сведчыць аб намеры Пекіна стварыць не толькі звычайныя сілы сусветнага класа, але і перадавыя магчымасці для правядзення ядзернай вайны», — гаворыць Дэніс Уайлдэр, былы кіраўнік аддзела аналізу Кітая ЦРУ.
«Кітайскія лідары могуць меркаваць, што новы аб'ект гарантуе большую бяспеку ў выпадку атакі ЗША і нават прымянення ядзернай зброі», — сказаў FT ананімны былы супрацоўнік спецслужбаў.
Адзін з былых высокапастаўленых супрацоўнікаў разведкі ЗША адзначыў, што, хаця цяперашняя штаб-кватэра Народна-вызваленчай арміі Кітая (НВАК) у цэнтры Пекіна даволі новая, яна не была распрацавана як бяспечны камандны цэнтр. Будаўніцтва новага комплексу супадае з распрацоўкай НВАК новых тыпаў узбраенняў і іншых праектаў напярэдадні 100-годдзя стварэння гэтых узброеных сіл у 2027 годзе.
Амерыканская разведка кажа, што Сі таксама загадаў НВАК дасягнуць магчымасці атакаваць Тайвань да таго часу.
PAP/вх