Беларуская Служба

Індыя заяўляе пра перастрэлку ў спрэчным Кашміры чацвёртую ноч запар

28.04.2025 11:43
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітая Го Цзякунь у панядзелак заклікаў улады Індыі і Пакістана «праявіць стрыманасць».
Від на КашмірPAP/EPA/AMIRUDDIN MUGHAL

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітая Го Цзякунь у панядзелак заклікаў улады Індыі і Пакістана «праявіць стрыманасць» і пачаць дыялог пасля таго, як індыйскія вайскоўцы заявілі пра перастрэлку ў спрэчным Кашміры чацвёртую ноч запар.

Напружанасць паміж суседнімі краінамі абвастрылася пасля тэрарыстычнага акту ў індыйскім штаце Джаму і Кашмір 22 красавіка. 26 мірных жыхароў загінулі каля горада Пахалгам.

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітая, якое мяжуе з дзвюма краінамі, выказаў надзею, што бакі будуць імкнуцца «належным чынам вырашыць важныя рознагалоссі шляхам дыялогу і кансультацый і сумесна падтрымліваць мір і стабільнасць у рэгіёне».

На мінулым тыдні Індыя абвінаваціла Пакістан у падтрымцы тэрарыстаў, але Ісламабад рашуча адхіліў гэтае абвінавачванне і заклікаў да «нейтральнага расследавання».

На пытанне, ці далучыцца Пекін да патэнцыйнага расследавання гэтай справы, Го адказаў толькі, што КНР «вітае любыя ініцыятывы, якія дапамогуць астудзіць цяперашнюю сітуацыю, і падтрымлівае як мага хутчэйшае бесстаронняе расследаванне».

Таксама ў панядзелак індыйскія вайскоўцы заявілі, што мінулай ноччу адрэагавалі на «нічым не справакаваны» агонь са стралковай зброі, які вёўся з некалькіх пастоў пакістанскай арміі ўздоўж 740-кіламетровай дэ-факта мяжы паміж краінамі. Ніякіх дадатковых падрабязнасцяў не паведамілі, а таксама не паведамлялася пра пацярпелых. Пакістанскія вайскоўцы не пацвердзілі гэтыя паведамленні.

Кашмір, пераважна мусульманскі, часткова належыць Індыі і часткова Пакістану, але абедзве краіны прэтэндуюць на ўвесь рэгіён. З 1989 года ў індыйскім Кашміры працягваецца антыіндыйскае паўстанне, у выніку якога загінулі дзясяткі тысяч чалавек. Індыя абвінавачвае Пакістан у яго падтрымцы.

Індыя, Пакістан і Кітай валодаюць ядзернай зброяй.

РАР/ав