48 стыпендыятаў Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны з Украіны, Беларусі і Расіі закончылі паўгадавую мастацкую дзейнасць і адукацыю ў Польшчы ў рамках праграмы Gaude Polonia. Учора стыпендыяты атрымалі дыпломы з рук віцэ-міністра культуры Паўла Левандоўскага і дырэктара Нацыянальнага цэнтру культуры прафесара Рафала Вісьнеўскага.
Праграма Gaude Polonia адрасаваная маладым творчым асобам з Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у першай чарговасці з Беларусі і Украіны. Яе мэтай з’яўляецца папулярызацыя польскай культуры і супраца паміж творчымі асяроддзямі Польшчы і краін гэтага рэгіёну Еўропы. Гэта таксама шанец прыехаць у Польшчу і развіваць свае навуковыя ці культурніцкія праекты пад кіраўніцтвам польскіх выбітных выкладчыкаў – нагадваў віцэ-міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Павал Левандоўскі:
"Мы працягваем праект, дзякуючы якому многія людзі, 720 чалавек, у гэтым годзе чарговыя 48 чалавек, могуць рэалізоўваць свае працы, свае мары ў Польшчы. Гэтая стыпендыя на стала ўкаранілася ў нашай сетцы стыпендый, у нашых магчымасцях падтрымкі маладых творцаў. Яна перад усім скіраваная да жыхароў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, асабліва Украіны, Беларусі. Я рады, што маладыя творцы з гэтых краін прыязджаюць сюды на паўгода, могуць пазнаёміцца з Польшчай, паглядзець, як тут працуюць, заводзяць новыя знаёмствы, якія пасля працягваюць і ствараюць новыя сеткі знаёмстваў. Таксама могуць папулярызаваць польскую культуру, паказваць прыгожы бок Польшчы. Адначасова сюды яны прыязджаюць са сваймі роздумамі, думкамі, і наступае дыфузія культур. Яна заўсёды адбывалася паміж нашымі краінамі".
Стыпендыяты прыязджаюць у Польшчу рэалізоўваць свае праекты на шэсць месяцаў. Сярод іх пісьменнікі, фатографы, графікі, мастацкія крытыкі, рэжысёры. Іх працы архівізуе Нацыянальны цэнтр культуры. Яго дырэктар Рафал Вісьнеўскі падкрэсліваў, што дасягненні стыпендыятаў з’яўляецца важным элементам іх калекцыі:
"Мы маем нагоду ўручыць стыпендыі талентам, якія мы паглядзім у поўнай красе толькі праз нейкі час. Штогадовая ўрачыстасць стыпендыі Gaude Polonia з’яўляецца пачаткам гэтай дарогі, якая заканчваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў выглядзе кніг, радыё і тэлезапісаў, фільмаў. Гэта ўсё стварае нашую памяць, усё, што ў нашай гісторыі і культуры самае лепшае".
Рашучая большасць стыпендыятаў, якія да гэтага часу ўдзельнічалі ў 18-ці праграмах Gaude Polonia, паходзіць з Украіны. На ўрачыстасці таксама прысутнічаў украінскі амбасадар Андрэй Дэшчыца, які віншаваў суайчыннікаў з поспехамі і дасягненнямі:
"33 стыпендыятаў з 48 у гэтым годзе – з Украіны. У мінулым годзе іх было 42, у 2017 годзе – 39. Палова ўдзельнікаў за ўсю гісторыю стыпендыі – украінцы. Я думаю, што трэнд, які цяпер назіраецца ва Украіне, што адна партыі атрымлівае больш за 50%, гэта нешта новае, але не, тут гэта адбываецца даўно, гаворка пра дамінацыю ўкраінцаў у гэтай творчай прасторы. Але гэта вельмі прыемная дамінацыя. Я вельмі рады, што я пазнаёміўся з многімі з вас".
13 чалавек на праграме былі з Беларусі і два з Расіі.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Томаш Макоўскі нагадаў, што частка стыпендыятаў знаходзіць у Польшчы матывы для працягу сваіх даследаванняў і праектаў. Гэта, у сваю чаргу, нараджае жаданне пераезду ў Польшчу. Дырэктар назваў прынамсі тры прычыны, чаму варта карыстацца праграмай у будучыні.
"Часамі ў праграме бывае так, што стыпендыяты вяртаюцца – праз год, два, тры. Мы заўсёды адкрытыя на гэтую супрацу. Чакаем кожнага з вас. Чакаем, каб паглядзець, на колькі вам удалося развіць свой талент. Капітал праграмы складаецца з трох элементаў. Гэта не толькі фінансавыя карысці, хоць трэба прызнаць, што праграма мае выключна добрае фінансаванне. У гэтым годзе больш за 2,2 млн злотых (579 тысяч долараў). У сярэднім гэта 46 тысяч злотых (12 тысяч злотых) на аднаго стыпендыята. Па-другое, гэта грамадская сетка, гэта пошук сувязяў. І трэцяе, на маю думку самае важнае, гэта развіццё культурніцкага капіталу", - сказаў Макоўскі.
Чарговая група стыпендыятаў з Цэнтральна-Усходняй Еўропы зможа паўдзельнічаць у праграме Gaude Polonia вясной наступнага году.
ав