Беларуская Служба

У экалогіі шмат твараў. У залежнасці ад патрэбаў, яна становіцца ідэалогіяй, палітыкай або бізнесам

03.08.2019 15:16
Усё цяжэй заўважыць тут імкненне да стварэння гарманічнага свету, у якім можна будзе дбаць і пра чалавека, і пра навакольнае асяроддзе.
 .
Ілюстрацыйны здымак.ejaugsburg/pixabay.com/CC0

У выданні «Sieci» закранаецца вельмі папулярная апошнім часам тэматыка экалогіі. На думку аўтара, цяпер клопат пра экалогію стаў платформай ідэалагічнай барацьбы левых сілаў з кансерватарамі, правымі. Сучасная ідэалагічная экалогія ўсё меншы агульнага мае з сапраўдным клопатам пра навакольнае асяроддзе. Няма дэбатаў, якім чынам спалучыць ахову асяроддзя з эканамічнымі патрэбамі людзей, ніхто не шукае і не прапануе кампрамісаў. Замест гэтага з усіх бакоў чуваць крыкі радыкальных фанатыкаў, якія ў чалавеку перш за ўсё бачаць пагрозу для планеты. І, адпаведна, прыходзяць да абсурднай высновы, што адзінай магчымасцю выратаваць Зямлю з’яўляецца ліквідацыя з яе паверхні чалавецтва.

Левыя сілы манапалізавалі барацьбу за прыроду. Быў створаны чарговы фікцыйны фронт, на гэты раз вакол дбайнасці пра асяроддзе. Хаця, парадаксальна, самым вядомым любіцелям жывёлы ў Польшчы з’яўляецца не старшыня партыі левай арыентацыі «Вясна» Робэрт Бедрань, а лідар кансерватыўнай групоўкі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі.

Іншы прыклад – Белавежская пушча, якую пажырае жук-караед. Не было спакойнай глыбокай дыскусіі, як ратаваць дрэвы, сітуацыю інструментальна выкарысталі ў якасці чарговай магчымасці нападзення на ўладу, якая быццам бы вырубала пушчу для сваёй карыснай выгады. А тых, хто прасіў правесці спакойнае абмеркаванне без эмоцый, проста закрычалі.

Экалагічныя фанатыкі пачынаюць задаваць тон у размове. Не выключана, што ўжо неўзабаве пад іх уплывам паявяцца прапановы абмежавання нараджальнасці, не толькі пры дапамозе абортаў, але таксама праз увядзенне «кліматычнага падатку», які будзе расці з кожным наступным дзіцём, паколькі гадаванне дзяцей вельмі не экалагічнае.

У экалогіі сёння шмат твараў. У залежнасці ад патрэбаў, яна становіцца ідэалогіяй, палітыкай або бізнесам. Тыя, хто яе прасоўвае, часам паказваюць сваю інфантыльнасць або фанатычнасць. Усё цяжэй заўважыць тут імкненне да стварэння гарманічнага свету, у якім можна будзе дбаць і пра чалавека, і пра навакольнае асяроддзе. А яшчэ цяжэй заўважыць здаровы сэнс.

нг