Прыйшоў час заняцца юрыдычнымі працэдурамі, якія ўрэгулююць пытанне выкарыстання электрасамакатаў, гаворыць выданню Gazeta Wyborcza хірург адной з буйнейшых варшаўскіх клінік, доктар медыцынскіх навук Марцін Соха.
«Сёння амаль 7 гадзін мы збіралі ў адно ніжнюю сківіцу ў 19-гадовага хлопца, які ўпаў з самаката», – кажа хірург і зазначае, што электрасамакат – гэта адзін з найбольш небяспечных сродкаў транспарту.
Паводле яго, кожны тыдзень у аддзяленне хірургіі і сківічна-тваравай хірургіі трапляе некалькі чалавек, якія каталіся на электрасамакаце, і гэта толькі ў адну варшаўскую больніцу. Акрамя таго, у Варшаве некалькі сот чалавек у год маюць меншыя траўмы, з якімі трапляюць у паліклінікі альбо прыёмныя пакоі. На недахоп працы не скардзяцца стаматолагі, таму што расце колькасць людзей, якія на самакаце павыбівалі зубы. У якасці прыкладу ўрач прыводзіць выпадак швейцарца, які, знаходзячыся ў Варшаве ў турыстычных мэтах, на электрасамакаце зламаў косць сківічна-тваравай часткі, атрымаў гематому мозгу й зламаў шыйны пазваночнік. «Ён цудам не загінуў», – кажа доктар Марцін Соха, якога цытуе Gazeta Wyborcza.
вс