У ЗША ўжо кожны чацвёрты жыхар ва ўзросце 25-34 гадоў заяўляе, што ён з’яўляецца вегетарыянцам або веганам (не спажывае мяса, або таксама малочных прадуктаў і яек). У Польшчы гэта каля 10% маладых людзей – піша «Gazeta Wyborcza». Паводле апытання, праведзенага ў 2018 годзе, 58% палякаў заяўляла, што яны хацелі б есці менш мясных прадуктаў. Аднак гэтыя заявы маюць мала супольнага з рэчаіснасцю. У маштабе ўсёй Польшчы спажыванне мяса расце. Паводле дадзеных Галоўнага ўпраўлення статыстыкі, у мінулым годзе ў сярэднім палякі елі амаль 77 кг. мяса на аднаго чалавека, гэта на 6,8 кг. больш, чым годам раней.
Магчыма, гэты парадокс тлумачыцца загалоўкам аднаго з артыкулаў у інтэрнэце, які гучыць «Вегетарыянцы таксама з’ядуць гамбургер, але толькі калі яны п’яныя». Адна трэцяя апытаных вегетарыянцаў прызналася ў ананімнай анкеце, што яны час ад часу здраджваюць вегетарыянству. Большасць нікому ў гэтым не прызнаецца, таму што сорамна. Калі ўзяць пад увагу, што спажыванне алкаголю ў Польшчы пастаянна расце, вышэй прыведзены загаловак можа тлумачыць, у чым справа.
Палякі ядуць усё больш мяса, але паралельна ўсё больш людзей наведвае вегетарыянскія і веганскія рэстараны і кавярні. Частка кліентаў наведвае іх не таму, што яны не спажываюць мяса, а каб спрабаваць новыя смакі або з-за таго, што яны любяць час ад часу паабедаць ці павячэраць без мяса.
Цэны садавіны і гародніны ідуць уверх, адна з важнейшых прычын – засуха, тым часам цана мяса практычна не расце, а часам нават падае. Гэта таксама тлумачыць, чаму палякам даволі цяжка адмовіцца на доўгі час ад мясных прадуктаў.
нг