Беларуская Служба

Цягам тыдня пад Палацам культуры ў намётавым гарадку пратэставалі школьнікі (ФОТА)

27.09.2019 15:37
Моладзь хоча, каб урад абвясціў стан кліматычнага крызісу.
Аўдыё
Намётавы гарадок пад Палацам культурыА. Вялічка/radyjo.net

Пасля поўдня вуліцамі Варшавы прайшоў шматтысячны Вялікі кліматычны марш. Ён стаў завяршэннем тыднёвага Моладзевага кліматычнага страйку. У мінулую пятніцу ва ўсім свеце мільёны маладых людзей вышлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб патрабаваць ад палітыкаў рашучых крокаў. Пасля, цягам тыдня пад Палацам культуры ў Варшаве стаяў намётавы гарадоў. Частка вучняў у знак пратэсту вырашыла на працягу тыдня не хадзіць у школу.

Я пабывала ў намётавым гарадку і паразмаўляла з двума яго ўдзельнікамі – Хэленай Смачыньскай і Бруно Мілерам.


Намётавы гарадок пад Палацам культуры. Хэлена і Бруно. Намётавы гарадок пад Палацам культуры. Хэлена і Бруно.

Раскажыце пра свой моладзевы рух, магчыма, не кожны пра яго чуў.

Хэлена: Моладзевы кліматычны страйк – гэта нізавы, непалітычны грамадскі рух, які засяроджваецца на тым, каб супрацьпаставіцца пасіўнасці палітыкаў у дачыненні да паглыблення кліматычнага крызісу. Мы з’яўляемся часткай міжнароднага руху Fridays For Future. Мы працуем са студзеня бягучага году, дастаткова няшмат. За гэты час мы зладзілі ўжо чатыры страйкі. На апошнім, у пятніцу было 15 тысяч чалавек.

Мы знаходзімся ў намётавым мястэчку, якое тут стаяла тыдзень, сёння апошні дзень. Як выглядаў гэты тыдзень?

Хэлена: У гарадку з 9 да 14 запланаваны час для вучняў, якія на працягу гэтага тыдня не хацелі ісці ў школу і прымалі ўдзел у страйку, каб паказаць, што польская школа і навучальная праграма не рыхтуюць нас да змен заўтрашняга дня. У праграме амаль няма інфармацыі аб кліматычным крызісе. Таму гэты тыдзень мы не хадзілі ў школу, каб паказаць, што не толькі ў школе можна вывучаць гарачыя тэмы. З 15 да 18 праходзілі варштаты з экспертамі, дзе мы больш знаёміліся з праблемай кліматычнага крызісу ў свеце, а вечарамі – канцэрты і фільмы.


Намётавы гарадок пад Палацам культуры Намётавы гарадок пад Палацам культуры

На гэтым тыдні вы не ходзіце ў школу. Як рэагуюць вашыя бацькі, настаўнікі?

Бруно: Мае бацькі мяне падтрымліваюць. Не было праблем. Але не заўсёды так адбываюцца. У нас ёсць сябры, для якіх праблемна не тое што тыдзень быць у намётавым мястэчку, а нават раз на некалькі месяцаў схадзіць на страйк. Яны не могуць нават сысці з некалькіх урокаў. Але калі паглядзець на гэта ў даўжэйшай перспектыве, то мы змагаемся за тое, каб навучанне ў школе ўвогуле мела які-колечы сэнс.

Адкуль узялося вашае зацікаўленне кліматам? Старэйшае пакаленне наракае на моладзь, што яна праводзіць час у тэлефонах і нічым іншым не цікавіцца. А вы гаворыце, што вас непакоіць абыякавасць палітыкаў у гэтым пытанні.

Хэлена: Гэта вельмі індывідуальная справа. Усё ж я думаю, што нашае зацікаўленне вынікае з агульнасусветных тэндэнцый. У цэлым свеце гэта вельмі гарачая тэма. Мала таго, гэта тычыцца канкрэтна нас, будучыні моладзі і дзяцей. Мы слухаем навукоўцаў, хочам атрымліваць веды. Я пачала чытаць пра гэта, калі пачула пра страйкі ў цэлым свеце. Я пачала чытаць навуковыя рапарты, кнігі на гэтую тэму. Я зразумела, на колькі для мяне гэта важная тэма, і прыняла рашэнне не быць абыякавай.

Бруно: Я да Моладзевага кліматычнага страйку трапіў праз знаёмых. У той момант я яшчэ не да канца разумеў складанасць праблемы. Потым я пачаў чытаць навуковыя рапарты і зразумеў, што гэта гарачая праблема, якую трэба вырашаць цяпер. Калі да 2050 году мы не абмяжуем выкіды СО2 да нуля, то, магчыма, кліматычнай катастрофы не ўдасца спыніць.


Намётавы гарадок пад Палацам культуры. Напіс на пні: "Помнік знішчэння прыроды". Намётавы гарадок пад Палацам культуры. Напіс на пні: "Помнік знішчэння прыроды".

Чаго найбольш за ўсё вы чакаеце ад сваёй акцыі?

Бруно: Перад усім вострай рэакцыі і адэкватнага падыходу да праблемы. Каб палітыкі перасталі гаварыць пра глабальнае пацяпленне, а пачалі гаварыць пра кліматычны крызіс. Мы патрабуем прадпрыняць тэрміновыя захады – увядзення стану кліматычнага крызісу, прыняцця закону, які б распачаў энергетычную трансфармацыю ў Польшчы і абмежаваў бы выкіды цяплічных газаў да нуля да 2040 году.

Вы адчуваеце моц у сваёй групе? Верыце, што ўдасца дасягнуць канкрэтную мэту?

Хэлена: Напэўна. Многія кажуць, што мы наіўныя. Але з іншага боку, свет даўно не бачыў такой вялікай мабілізацыі моладзі. Я думаю, што ў гэтым вельмі вялікая сіла. Нам нашмат лягчэй дзейнічаць, калі мы бачым, што гэта цэлы свет. 20 верасня страйкі прайшлі на ўсіх кантынентах. У Польшчы – 71 горад. Гэта былі не толькі вялікія, але і малыя гарады. Там моладзь таксама прачынаецца. Яны хочуць нешта рабіць, паколькі ад гэтага залежыць іх жыццё.

Дзякуй за размову.


Намётавы гарадок пад Палацам культуры Намётавы гарадок пад Палацам культуры

Намётавы гарадок пад Палацам культуры. Інсталяцыя нагадвае пра электрастанцыю ў польскім Бэлхатаве. Намётавы гарадок пад Палацам культуры. Інсталяцыя нагадвае пра электрастанцыю ў польскім Бэлхатаве.

Намётавы гарадок пад Палацам культуры Намётавы гарадок пад Палацам культуры
Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце