Новай хвалі ўшчыльнення інтэграцыі Беларусі і Расіі спадарожнічае цікавы і пакуль што непрыкметны працэс. Расія разбудоўвае сваю інфармацыйную інфраструктуру ў Беларусі. Усходні сусед дзейнічае падступна і адразу ў некалькіх кірунках. Значнае ажыўленне тычыцца расійскага ўплыву ў сацыяльных сетках, якія маюць усё большае значэнне ў працэсе спажывання інфармацыі.
Мы пагутарылі на конт расійскага ўплыву ў сацыяльных сетках у Беларусі з вядомым блогерам, каардынатарам iSANS па Беларусі Антонам Матолькам.
-Мы валодаем дастатковай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў традыцыйных беларускіх СМІ. Аднак зараз усё большае значэнне маюць сацыяльныя сеткі. Напрыклад, сярод моладзі ўзровень пранікнення сацсетак дасягае амаль 100%. Адпаведна, там праходзіць каласальны аб'ём інфармацыі. Першапачаткова трэба зразумець, што там адбываецца.
Ужо на працягу 6 тыдняў мы праводзім маніторынг лакальных паблікаў, праводзім базавы збор інфармацыі. Недзе напрыканцы кастрычніка, ці на пачатку лістапада будуць прадстаўленыя вынікі дадзенага маніторынгу, а пасля гэтага, на падставе атрыманых дадзеных, можна будзе рабіць даследаванні.
Прыблізна пра які абʼём інфармацыі зараз ідзе гаворка?
-У Беларусі 118 раёнаў, у кожным з раёнаў ёсць мінімум адзін вялікі, значны горад і яшчэ 2-3 гарады, паселішчы, якія маюць свае ўласныя гарадскія паблікі. Часцей за ўсё яны і называюцца як сам горад. Туды людзі прыходзяць, каб прачытаць мясцовыя навіны, альбо самім напісаць нешта пра лакальныя падзеі. У вялікіх градах такіх паблікаў можа быць некалькі. Адпаведна, 118 множым мінімум на тры і атрымоўваем тую колькасць паблікаў, якую пастаянна трэба маніторыць. На самой справе, іх будзе нават болей. Вядома, трэба разумець, якія з іх асноўныя і сапраўды папулярныя: дзелім і адымаем. Пасля селекцыі, штодзень праглядаем прыкладна 10-15 пастоў на кожным пабліку. Робім гэта ўручную, бо адпаведныя сэрвісы не прыстасаваныя на патрэбы расійскай або беларускай мовы.
Вы неаднаразова казалі, што менавіта падчас такога маніторынгу і выяўляецца расійскі ўплыў. Якім тэхналогіямі яны карыстаюцца? Якія маніпулятыўныя тактыкі ўжываюць?
-Пэўна, вам нічога не скажу пра тэхналогіі. Тэхналогія простая –бяруць ды публікуюць інфармацыю. Часцей за ўсё яны ўжываюць наратывы, якія ствараюць пракрамлёўскія, антыбеларускія сайты. Дадзеныя наратывы накіраваныя на дыскрэдытацыю Беларусі і беларускага народу. На падставе розных фэйкаў, яны публікуюць інфармацыю, што беларускага народу не існуе, Беларусі таксама ніколі не было; беларуская мова – гэта калька з польскай ці ўкраінскай. Яны намагаюцца ўсялякім чынам прадэманстраваць тое, што беларусаў, як нацыі не існуе. З гэтага вынікае, што мы павінны аб’ядноўвацца. Беларусь і Расія гэта ўжо не братэрскія народы, а ўжо адзіны народ. Зараз мяняецца пасыл, які ідзе з боку Расіі. Такія змены лёгка заўважыць асабліва на прыкладзе антыбеларускіх паблікаў.
Аднак, галоўнае аўдыторыя антыбеларускіх паблікаў – гэта аўдыторыя, якая зацікаўленая падобнай тэматыкай. Зараз асноўная праблема ў тым, што пералічаная дэструктыўная інфармацыя можа з’явіцца ў нейтральных гарадскіх суполках.
Якім чынам такі змест можа трапіць у звычайныя апалітычныя гарадскія паблікі?
-Вельмі прсота. У выпадку, калі адміністратар абыякава ставіцца да зместу, не звяртае ўвага на ідэалагічны змест пабліку, ён прапусціць антыбеларускія фэйкі. Зараз назваў адзін з варыянтаў, існуе яшчэ камерцыйная магчымасць прасоўвання такога кантэнту. Кошт публікацыя аднаго рэкламнага паста ў такіх суполках вагаецца ад 2 да 15 еўра. Гэта магчыма нават за грошы.
Падчас прэзентацыі на Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні вы прадэманстравалі слайд з вынікамі даследавання па Гомельскай вобласці. Якія першыя вынікі першыя маніторынгу?
-На дадзеным этапе я не магу і не хачу даваць вам дакладных вынікаў. Пакуль мінуў занадта кароткі перыяд назіранняў збору інфармацыі – усяго паўтара месяцы. Нам патрэбна мінімум тры месяцы, каб прынамсі акрэсліць аб’ём інфармацыі і яе дынаміку. На прыкладзе Гомельскай вобласці была прэзентаваная канцэпцыя інтэрактыўнай мапы, якая з’явіцца ў выніку збору інфармацыі і якая будзе дэманстраваць усю рэспубліку. Любы чалавек або СМІ змогуць выкарыстоўваць гэткую мапу для пошуку самых таксічных паблікаў.
Калі і дзе варта спадзявацца публікацыі грунтоўных вынікаў Вашага даследавання?
-Праўдападобна гэта адбудзецца ў лістападзе падчас форума кіравання інтэрнэтам, які адбудзецца ў Мінску. Прэзентацыя адбудзецца, як для звычайнай публікі, так і для беларускіх сілавікоў. Для спецслужбаў, якія працуюць з гэтай тэмай. На жаль мы бачым, што беларускія спецслужбы маюць разуменне асобных праблемаў, звязаных з канкрэтным медыя, аднак ім не стае комплекснага бачання таго, што адбываецца ў у беларускай прасторы сацыяльных сетак.
Вядомым медыяактывіст, каардынатар iSANS па Беларусі Антон Матолька анансаваў маштабныя даследаванні расійскага ўплыву ў беларускім сегменце сацсетак.
Эдуард Жолуд
Слухайце аўдыё