Беларуская Служба

У вёсцы на Падляшшы выявілі яму з парэшткамі габрэяў, забітых у 1941 годзе

15.10.2019 14:15
Побач з астанкамі прадстаўнікі Асацыяцыі „Візна 1939” знайшлі таксама гільзы ад нямецкай амуніцыі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne Photo: _Alicja_/pixabay.com/CC0 Public Domain

Падчас навукова-даследчых работ у Візне (Wizna) на Падляшшы Асацыяцыя „Візна 1939” знайшла парэшткі, верагодна габрэяў, забітых немцамі ў 1941 годзе, паведамляе „Rzeczpospolita”.

Астанкі былі выяўленыя ў варонцы разам з гільзамі ад нямецкай зброі. Такім чынам, паводле старшыні Асацыяцыі „Візна 1939” Дарыюша Шыманоўскага (Dariusz Szymanowski), пацвердзіліся паведамленні аб зверскіх забойствах мірных жыхароў, здзейсненых нямецка-фашысцкімі акупантамі ў чэрвені 1941 года”.

Гісторыкі нагадваюць, што немцы ўвайшлі ў Візну адразу пасля пачатку ваеннай аперацыі супраць СССР - аперацыі „Барбароса”.

„З самага пачатку пачаліся арганізаваныя акцыі забойства мясцовых габрэяў. Шмат каму з іх удалося ўцячы ў Едвабнэ (Jedwabne) ці іншыя бліжэйшыя вёскі. У самой Візне адбыліся, як мінімум, дзве трагічныя падзеі: адна - гэта расстрэл групы габрэяў на ўскраіне мястэчка, другі - забойства жанчын, дзяцей і пажылых людзей, загнаных у кузню ў цэнтры вёскі”, - расказвае Дарыюш Шыманоўскі.

Ён дадае, што раней не было вядома, дзе і ці наогул забітыя былі пахаваныя. Ніхто не праводзіў ні гістарычных, ні палявых даследаванняў на гэтую тэму. Месца пахавання ўдалося вызначыць, дзякуючы размовам з жыхарамі вёскі.

Пасля выяўлення першых астанкаў работы былі спыненыя, а пра знаходку паінфармаваная паліцыя. На месца прыбыў таксама пракурор акруговай пракуратуры ў Ломжы са следчай групай.

Прадстаўнікі асацыяцыі „Візна 1939” адзначаюць, што побач з астанкамі былі знойдзеныя гільзы ад нямецкай зброі ўзору 1937 і 1938 гадоў, якія могуць быць звязаны з падзеямі 1941 года, паведамляе „Rzeczpospolita”.

аз