Беларуская Служба

Настаўнікі плануюць страйк, але не настолькі відовішчны, як у красавіку

15.10.2019 16:05
„Мы хочам прадэманстраваць, як мы многа працуем за такія малыя грошы” – пераконваюць прадстаўнікі Звязу польскіх настаўнікаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos /pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння ў Польшчы павінен быў пачацца „італьянскі страйк” настаўнікаў. Аднак Звяз польскіх настаўнікаў адтэрмінаваў акцыю пратэсту на тыдзень, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

„Высокія патрабаванні, нізкая зарплата. Што далей?” - пад гэткім лозунгам звяз дасылаў у школы матэрыялы са спісам абавязковых заняткаў і тых, за якія настаўнікі не атрымліваюць грошай.

„Мы хочам прадэманстраваць, як мы многа працуем за такія малыя грошы”, - напісалі прадстаўнікі арганізацыі.

Паколькі праведзеныя ў красавіку акцыі пратэсту, паводле настаўнікаў, не прынеслі чаканага выніку, а нават ударылі па іх кішэнях, таму цяпер яны вырашылі правесці акцыю пратэсту ў выглядзе „італьянскай забастоўкі”. Настаўнікі будуць рабіць толькі тое, што прадугледжвае дамова аб працы і ў тэрміне, які ў ёй акрэслены. Гэта азначае канец дадатковых бясплатных заняткаў, некалькі дзённых экскурсіяў для вучняў і праверкаў сшыткаў па вечарах.

Дата пачатку страйку была абраная невыпадкова - наступны дзень пасля Дня нацыянальнай адукацыі. Аднак у рэшце рэшт страйк быў перанесены на 22 кастрычніка. У гэты дзень адбудзецца пасяджэнне галоўнага савета Звязу польскіх настаўнікаў, які павінен прыняць па гэтай справе адпаведную рэзалюцыю.

„Настаўнікі баяліся, што без рэзалюцыі, дырэктары могуць забраць у іх дадаткі да запрлаты”, - кажа кіраўнік арганізацыі Славамір Броняж (Sławomir Broniarz). Ён таксама дадае, што ў многіх школах Польшчы такая форма пратэсту ўжо працягваецца альбо пачнецца сёння.

15 кастрычніка стартавала таксама інфармацыйная кампанія, накіраваная на тое, каб пазнаёміць настаўнікаў з іх правамі і абавязкамі, у прыватнасці з тым, чаго яны не мусяць рабіць у школе.

Прадстаўнікі Звязу польскіх настаўнікаў не сумняюцца, што цяперашняя акцыя будзе выразна адрознівацца ад красавіцкага пратэсту. Яна будзе мець спакойны характар.

Заняткі будуць праходзіць нармальна. Далучыцца да страйку можна добраахвотна і без аніякіх заяваў. Настаўнікі самі могуць вырашыць, якія дадатковыя абавязкі хочуць выканаць. Італьянскага страйку ў школах не падтрымлівае настаўніцкі прафсаюз „Салідарнасць”, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

аз