19 кастрычніка 1984 году святара выкралі функцыянеры Міністэрства ўнутраных спраў, якія святара забілі, а пасля скінулі ў ворку з камянямі ў Віслу.
Ежы Папялушка нарадзіўся ў 1947 годзе, скончыў духоўную семінарыю ў Варшаве. У 1972 годзе быў пасвечаны на святара кардыналам Стэфанам Вышынскім. Падчас забастовак у 1980 годзе займаўся душпастырскай апекай у асяроддзі працаўнікоў Варшавы (спавядаў, адпраўляў літургіі падчас страйку ў Гуце-Варшава).
Папялушка лічыўся адным з духоўных пастыраў прафсаюзу «Салідарнасць». Публічна крытыкаваў камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захавання ідэалаў «Салідарнасці» (літургіі за Айчыну ў парафіі Св. Станіслава Косткі ў Варшаве падчас ваеннага становішча).
Ксёндз Ежы Папялушка сваю папулярнасць здабыў адпраўляючы Імшы за Айчыну на варшаўскім Жалібажы, дзе гаварыў патрыятычныя казанні. Блаславёны Ежы Папялушка быў для ўладаў ПНР пагрозай, бо быў здольны сабраць тысячы людзей – гаворыць аўтарка яго біяграфіі, кандыдат навук Мілена Кіндзюк з Універсітэту Кардынала Стэфана Вышыньскага:
- Дзяржаўным уладам больш за ўсё перашкаджала тое, што ксёндз Ежы збіраў вакол сябе натоўпы. Яны баяліся страціць кіраванне над душамі палякаў. Перш за ўсё справа была ў Імшах за Айчыну і казаннях, якія гаварыў ксёндз Ежы. Пасля Імшаў за Айчыну ксяндза Ежы пераследавалі, сачылі за ім менавіта за тое, што ён збіраў натоўпы людзей.
Аўтарка дакументальнага фільму «Цуд праўды» і парафіянка ксяндза Ежы Анна Петрашэк успамінае хвіліны адразу пасля знікнення святара і момант, калі вернікі даведаліся пра яго смерць:
- Калі ксёндз знік, то мы ўжо тады баяліся, што яго схапілі і вывезлі, што яго катуюць, праслухоўваюць. Усё ж сярод прыхаджан было дзіўнае перакананне, што яны не адважацца ажно на такія крокі. Мы маліліся і чакалі. Тое, што адбылося пасля, выклікае ў мяне плач. Гэта жахлівы момант, калі мы пачулі, што ксёндз памёр, што яго забілі. Тады мой свет разваліўся, што мы прайграем, што камунізм нас знішчыць, што ўсё страчана.
Анна Петрашэк гаворыць, што смерць блаславёнага ксяндза Ежы Папялушкі значна паўплывала на многіх людзей:
- Сярод маіх знаёмых ёсць некалькі чалавек, якія страцілі веру ў сэнс жыцця ў Польшчы, у тое, што калісьці прыйдзе лепшы час. Яны прымалі рашэнне міграваць. Але таксама была група, якую гэтыя падзеі яшчэ больш узмацнілі. Яны сталі яшчэ больш адважнымі, разумелі, што трэба змагацца, каб у будучыні такога падобнага святара змагчы абараніць, каб гэта не паўтарылася.
Суаўтарка біяграфіі святара Эва Чачкоўска адзначае, што Папялушка збіраў вакол сябе людзей, якім быў патрэбны лідар. Даследчыца падкрэслівае ролю казанняў, якія ў 80-х гадах рыхтаваў ксёндз Папялушка.
- Сіла гэтых казанняў заключалася ў іх змесце. Калі мы пачытаем іх сёння, з нашай перспектывы, то яны гучаць інакш, здаецца, што ён гаварыў натуральныя рэчы. У той час, гаварыць пра такія натуральныя справы, пра крыўду людзей, безабаронных у камуністычнай сістэме, якіх прыніжалі, выкідвалі за вернасць ідэалам салідарнасці, было нечым несустраканым. Таму людзі прыязджалі з цэлай Варшавы і Польшчы, каб пачуць, што ксёндз Папялушка ім скажа.
Магіла ксяндза Ежы Папялушкі знаходзіцца ля касцёлу Св. Станіслава Косткі ў варшаўскім раёне Жалібаж. У 2010 годзе польскі святар быў бэатыфікаваны.
19 кастрычніка, у гадавіну выкрадання ксяндза Ежы Папялушкі, у Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці аб нязломных святарах.
ав
слухайце аўдыё