Беларуская Служба

Польскія і беларускія гісторыкі абмеркавалі гісторыю палякаў у Беларусі

30.10.2019 16:15
У трохдзённай канферэнцыі, зладжанай Генконсульсвам РП у Гродне, удзельнічалі каля 100 чалавек. 
Аўдыё
Ян Маліцкі і Яраслаў КсёнжэкУ. Пац/Польскае радыё

У трохдзённай канферэнцыі ўдзельнічалі каля 100 чалавек. Кіраўнік Студыюму Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі, адзін з арганізатараў, гаворыць, што гэта ўжо трэцяя канферэнцыя, прысвечаная гісторыі палякаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таму можна назваць яе цыклічнай. Удзел у канферэнцыі навукоўцаў з абедзвюх дзяржаваў дадае ёй новай якасці:

- Калі б мы самыя гаварылі пра гісторыю палякаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то можна было б казаць, што гэта неаб’ектыўна. Калі палова ўдзельнікаў – гэта беларусы, а палова –палякі, то гэта дае новую якасць. Вартасць навукі заключаецца ў тым, што мне не перашкаджае меркаванне канкрэтнага прафесара. Мяне цікавіць, каб ён навукова, канкрэтна, абапіраючыся на крыніцы агучваў сваю тэзу, а потым прыходзіць час дыскусіі. На канцы мы можам і так захаваць сваё меркаванне, але адначасова даведацца шмат новага. І гэта нам не перашкаджае сустракацца і размаўляць.

Падобная навуковая сустрэча ладзілася трэці год запар. Здаецца, што канферэнцыя сапраўды з’яўлецца вартаснай – гаворыць генконсул у Гродне Яраслаў Ксёнжэк.

- Яна мае навуковую і па-за навуковую вартасць. Гэта і даследаванні, і цікавыя выдавецтвы. Я заўсёды з гонарам падкрэсліваю, што мы рыхтуем выданні яшчэ перад канферэнцыяй, што сёння з’яўляецца рэдкасцю. Гэта таксама эмацыйная вартасць. Канферэнцыя дае магчымасць перакрыжавацца многім поглядам, што адбываецца ў нармальнай спакойнай атмасферы. Мы не аспрэчваем навуковыя факты, але ёсць шмат творчых думак і ідэй. Мы засяродзіліся на тэме стагоддзя палякаў на тэрыторыі Беларусі. Тэма без межаў. Што значыць палякі ў Беларусі? Гэта і грамадства, і культура, і мастацтва і, канешне, палітыка, якая і да гэтага часу ўплывае на лёс польскай меншасці ў Беларусі. Гэтага ніхто не ўтойвае, і ніхто не дэманізуе. Таксама гэтая праблема дазваляе паглядзець на лёсы палякаў у апошнім стагоддзі. Мы з дырэктарам Маліцкім маем ужо цікавыя планы на чарговую канферэнцыю. З аднаго боку, планы звязаныя з лёсамі палякаў, а з іншага, дазваляюць паглядзець на спецыфіку Беларусі. У наступным годзе Польшча будзе святкаваць 100-годдзе Цуду над Віслай, адна з самых вялікіх польскіх перамог. У Беларусі месяц пазней Бітва на Нёмане. Усё гэта мы хочам узяць пад увагу, каб канферэнцыя існавала як навукова-эмацыйны быт у пазітыўным значэнні гэтага слова.

На адкрыцці канферэнцыі беларускія гісторыкі Алесь Смалянчук і Ігар Мельнікаў атрымалі ўзнагароды ад таварыства «Wspólnota Polska» за навуковую дзейнасць на карысць Польшчы і Беларусі. Ігар Мельнікаў гаворыў, што ён ганарыцца тым, што ўжо трэці раз прымае ўдзел у канферэнцыі, якую арганізоўвае польскае консульства ў Горадні.

Гісторык, прафесар Яўген Мірановіч з Беластоку адзначыў, што пералік гасцей, якія прысутнічалі на канферэнцыі, дае надзею на паляпшэнне польска-беларускіх адносін на афіцыйным узроўні. «На сустрэчы панавада атмасфера імкнення знайсці супольны погляд на гісторыю, а гэта аблягчае зразуменне сучаснасці», – гаворыць гісторык.

ав/У.Пац

слухайце аўдыё