Беларуская Служба

Палякі збіраюць грошы на дапамогу ўратаваным тыграм з польска-беларускай мяжы

02.11.2019 17:30
Жывёлу везлі з Італіі ў Расію, але беларускія памежнікі вярнулі транспарт у Польшчу.
   ,     -
Адзін з выратаваных тыграў, якія знаходзяцца ў Познані - саміца СофтыPAP/Marek Zakrzewski

Заапарк у польскім горадзе Познань збірае грошы на дапамогу ўратаваным тыграм з польска-беларускай мяжы. Гісторыю дзесяці тыграў пазнала ўся Польшча. Нагадаем, жывёлу везлі з Італіі ў Расію, але беларускія памежнікі вярнулі транспарт у Польшчу, паколькі ветэрынарныя дакументы былі аформлены няправільна.

Тыгры адправіліся ў падарожжа 22 кастрычніка, а толькі ў чацвер іх удалося даставіць у два заапаркі Польшчы, дзе яны пакрысе прыходзяць у сябе. На жаль, адзін звер здох яшчэ на мяжы, дзе некалькі дзён стаяў грузавік.

Сайт выдання Rzeczpospolita цытуе запіс на профілі Фэйсбуку познанскага заапарку, куды трапіла сем вялікіх дзікіх катоў. Аўтар піша, што ў супрацоўнікаў стаяць слёзы ў вачах, калі яны бачаць, у якім стане жывёлы. Праўда, іх стан вельмі розны. Ёсць тыгрыца, якая ўжо сабрала сілы і нават залазіць на агароджу і рыкае на людзей, а іншая самка ледзьве жывая.

Заапарк атрымлівае шмат пытанняў ад жыхароў, як можна дапамагчы зверам. У адказ было напісана, што можна ўносіць сродкі на банкаўскі рахунак, каб дапамагчы купіць корм, лякарствы і аплаціць акцыю ратавання жывёлы. Дапамога паступае не толькі ад прыватных асоб або кампаній, але таксама з іншых польскіх заапаркаў, якія не змаглі прыняць у сябе тыграў з-за адсутнасці ўмоваў. Напрыклад, вроцлаўскі заапарк перадаў 20 тыс. злотых. Сваю дапамогу запрапанаваў таксама гданьскі заапарк, адкуль паехалі лекар і дрэсіроўшчыкі ў Члохаў, дзе малы заапарк прыняў двух тыграў.

Пасля таго, як тыграў падлечаць у Польшчы, яны адправяцца ў спецыяльны цэнтр для звяроў у Іспаніі. Справай занялася Раённая пракуратура ў Белай Падляскай, быў арыштаваны расіянін, які вёз тыграў. Мужчыне пагражае да трох гадоў турэмнага зняволення за здзек над жывёлай.

нг