Беларуская Служба

На аднаўленне старых надмагілляў на Павонзках за тры дні сабралі 66,5 тысяч еўра (ФОТА)

04.11.2019 15:47
У першыя дні лістапада ў Польшчы традыцыйна збіраюць ахвяраванні для аднаўлення старадаўніх надмагілляў.
Аўдыё
Журналіст Кшыштаф Земец на Павонзках PAP/Piotr Nowak

Выходныя прайшлі пад знакам памінання продкаў. У Польшчы гэты дзень атаесамляецца не толькі з наведваннем магілаў сваіх блізкіх, але і штогадовым зборам ахвяраванняў для аднаўлення старадаўніх надмагілляў. Ужо стала традыцыяй, што ў акцыі ўдзел прымаюць вядомыя ў краіне асобы.

Амаль 250 чалавек – творчых асоб, актывістаў і палітыкаў, удзельнічалі ў гэтым годзе ў традыцыйным зборы грошай для ратавання помнікаў на варшаўскіх могілках «Старыя Павонзкі». Гэта самы стары й вядомы некропаль у Варшаве. Тут пахаваныя шматлікія вядомыя дзеячы польскай гісторыі й культуры, у тым ліку ахвяры войнаў XIX–XX стагоддзяў. На працягу трох дзён сабрана 280 тысяч злотых (66,5 тысяч еўра). У Грамадскім камітэце апекі над «Старымі Павонзкамі» імя Ежы Вальдорфа адзначылі, што гэта рэкордная сума. Яна прыкладна на 50 тысяч злотых большая, чым у мінулым годзе, і на 20 тысяч злотых у параўнанні з 2011 годам, які да гэтага часу быў рэкордным.

Збор сродкаў для ратавання помнікаў на гістарычным некропалі ініцыяваў у 1975 годзе пісьменнік і музычны крытык Ежы Вальдорв. Гэта ён паклікаў камітэт і заахвоціў далучацца да збору грошай многіх вядомых палякаў. Да гэтага часу дзякуючы намаганням камітэту ўдалося аднавіць амаль 1,5 тысячы надмагілляў і каплічак. Апошнія пяць гадоў «Старыя Павонзкі» маюць статус помніка гісторыі.


Акторка Ханна Слешыньска Акторка Ханна Слешыньска

Сродкі, сабраныя ў гэтым годзе, будуць прызначаныя на завяршэнне працаў у Алеі катакомбаў, на аднаўленне каплічкі Наімскіх і надмагілляў у алейцы ад брамы святой Ганараты да катакомбаў.

- Нашыя дзеці ходзяць у школу імя Цэцыліі Плятэр-Зыбэрк, якая пахаваная на гэтай некропалі. Мы вырашылі арганізаваць такую акцыю для моладзі з нашай школы. Вучні кружаць па цэлым некропалі і збіраюць грошы на помнікі. Мы лічым, што гэта мае вялікую адукацыйную вартасць і трэба падтрымліваць ініцыятывы, якія доўжацца ўжо пакаленнямі, – расказвае адна з удзельніц збору грошай.

Віцэ-старшыня Польскага гістарычнага таварыства Зоф’я Казлоўска (ёй 83 гады) збірала грошы на рэстаўрацыю Павонзак і адзначала, што да акцыі далучыліся яшчэ старэйшыя за яе людзі:

- Я збіраю грошы ўжо прыкладна 20 гадоў. За гэты час хіба быў толькі адзін перарыў, калі збіраць грошы не дазваляў стан здароўя.

Іншы валанцёр адзначае ахвярнасць палякаў:

- Банкноты шалясцяць, яны не звоняць, таму зместу скарбонкі ажно так не чуваць. Кідаюць па-рознаму. Варшавяне агулам шчодрыя, бо банкноты таксама ёсць.

- Варта гэта рабіць, бо гэта некропаль, які з’яўляецца сведчаннем нашай супольнай гісторыі.


Журналіст Мацей Орлась Журналіст Мацей Орлась

Варшаўскія «Павонзкі» былі не адзінымі могілкамі, дзе праводзіўся збор сродкаў на аднаўленне старых магіл. Такія акцыя праходзілі ў цэлай Польшчы. Ужо 33-ы раз грошы збіралі для аднаўлення старадаўніх надмагілляў на могілках па вуліцы Ліпавай у Любліне. Сярод тых, хто збіраў ахвяраванні, быў басіст вядомага гурту Будка Суфлера Мечыслаў Юрэцкі, які з гэтай нагоды падрыхтаваў адмысловую песню. Такім чынам ён заахвочваў жыхароў Любліну падтрымаць аднаўленне надмагілляў:

- Я ўжо ўкінуў пару злотых, вы таксама можаце гэта зрабіць. Я лічу, што гэта вельмі патрэбна. Як гучыць у маёй песні: гэта помнікі нашай гісторыі. Калі мы забудзем пра нашую гісторыю, то ў нас ужо нічога не застанецца.

Разам з ім грошы ў скарбонку збіраў ударнік гурту Томаш Зэлішэўскі, які казаў, што адчуваў патрэбу, каб у гэты дзень быць на могілках і збіраць ахвяраванні:

- Мы схіляемся перад магіламі сваіх блізкіх. Спрабуем у памяці аднавіць пэўныя рэчы. Трэба памятаць, хто мы. Хто яшчэ нядаўна быў побач з намі. Гэта ж таксама частка нашай штодзённасці.

На могілках у Любліне ў гэтым годзе былі вызначаныя восем надмагілляў, якім патрэбна рэканструкцыя. Кошт такой працы – 138 тысяч злотых (32 тысячы еўра). 1 лістапада ўдалося сабраць амаль 55 тысяч злотых (13 тысяч еўра).


Віцэ-міністар культуры Магдалена Гавін і старшыня Грамадскага камітэту апекі над “Старымі Павонзкамі” імя Ежы Вальдорфа Марцін Свянціцкі Віцэ-міністар культуры Магдалена Гавін і старшыня Грамадскага камітэту апекі над “Старымі Павонзкамі” імя Ежы Вальдорфа Марцін Свянціцкі

ав