Беларуская Служба

Палякі адзначылі гадавіну незалежнасці сваёй дзяржавы

12.11.2019 15:26
Урачыстасці адбыліся як у Польшчы, так і за яе межамі, між іншым, Дзень незалежнасці адзначалі ў Беларусі, Літве ды Украіне.
Аўдыё
  • У Польшчы і за яе мяжой адзначылі гадавіну польскай незалежнасці
Uczestnicy Parady Niepodległości z okazji obchodów Święta Niepodległości, która przeszła 11 bm. ulicami Gdańska.
Uczestnicy Parady Niepodległości z okazji obchodów Święta Niepodległości, która przeszła 11 bm. ulicami Gdańska. PAP/Adam Warżawa

Сёлетняе святкаванне гадавіны ўзнаўлення дзяржаўнай незалежнасці Польшчы не было такім маштабным і багатым, як год таму, у сотую гадавіну, але і так палякі шырока адзначылі сваё свята. Урачыстасці адбыліся як у Польшчы, так і за яе межамі, між іншым, Дзень незалежнасці адзначалі ў Беларусі, Літве ды Украіне.

Незалежная польская дзяржава зноў паявілася на картах Еўропы 101 год таму, 11 лістапада 1918 году, пасля 123 гадоў змагання палякаў за ўласную дзяржаўнасць. У гэтым годзе палякі ў рознай форме выражалі сваю радасць з тае прычыны, што могуць жыць у свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай дзяржаве. Адбыліся сямейныя фэсты, урачыстыя прабегі, масавыя маршы, канцэрты.

Цэнтральныя ўрачыстасці прайшлі ў Варшаве на плошчы Маршала Пілсудскага з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў. Раней прэзідэнт Анджэй Дуда ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды – ордэн Белага Арла атрымалі гісторык прафесар Анджэй Новак і кардыёлаг Гражына Сьвёнтэцка. У панядзелак вечарам Анджэй Дуда прыняў удзел у святкаванні гадавіны незалежнасці і спяванні патрыятычных песняў у Рыпіне на поўначы Польшчы. Падчас сустрэчы з жыхарамі гораду прэзідэнт перадаў ім дзяржаўны сцяг, які лунаў над базай польскага міратворчага кантынгенту ў Афганістане.

- Хай гэты сцяг будзе тут, хай спадарожнічае вам, хай нагадвае пра геройства польскіх жаўнераў, пра тое, наколькі важная свабодная, незалежная і суверэнная Айчына. Як шмат з аднаго боку варта для яе ахвяраваць, а з іншага боку, як моцна мы павінны ганарыцца, і ганарымся ёй.

У сталіцы адбыўся традыцыйны ўжо Марш незалежнасці. Па інфармацыі польскай паліцыі, гэта быў самы бяспечны марш у гісторыі арганізацыі такіх мерапрыемстваў. У ім, паводле падлікаў гарадской ратушы, удзельнічала 47 тыс. чалавек (арганізатары кажуць пра 150 тыс.). У маршы не прыняла ўдзелу афіцыйная ўрадавая дэлегацыя, затое было нямала прадстаўнікоў скрайне нацыяналістычных структур.

У сваю чаргу ў варшаўскім парку Саскі сад была зладжаная гарадская гульня пад назваю «Шляхі да незалежнасці», на якую запрасіў жыхароў і гасцей сталіцы Музей гісторыі Польшчы. Таксама палякі масава ўскладалі кветкі да помнікаў гістарычных асоб, якія прымалі актыўны ўдзел у барацьбе за незалежнасці і станаўленні маладой польскай дзяржаўнасці.

Музей Варшаўскага паўстання зладзіў традыцыйны Канцэрт незалежнасці. Сёлета гэта быў слоўна-музычны спектакль пад загалоўкам «Лясныя». Інакш – аповед пра тых, хто на працягу дзясяткаў гадоў змагаўся за незалежнасць у лясах, – кажа рэжысёр прадстаўлення Яцэк Гурскі.

- Гэта не была рэгулярная армія, а ваенныя адзінкі, якія змагаліся і стрымлівалі значна большыя сілы акупанта. Усе нашы праграмы паказваюць гісторыю ў вельмі шырокім аспекце. На гэты раз мы паказваем усе дзевяць стагоддзяў гісторыі Польшчы, і расказваем пра гэтых «лясных» змагароў.

Беларускія палякі таксама адзначылі 101-ую гадавіну ўзнаўлення незалежнасці польскай дзяржавы. Галоўныя ўрачыстасці адбыліся ўчора вечарам у мінскім Тэатры оперы і балету. Мясцовыя музыканты выканалі ўверцюру Станіслава Манюшкі, але сапраўднай сенсацыяй стала выкананне «Неманаўскай сюіты» аркестрам Манікі Валінскай. Неманаўскую сюіту напісала польская кампазітарка Зузанна Фалькоўская па заказу Польскага пасольства ў Беларусі – адмыслова на 101-ую гадавіну незалежнасці.

Па словах пасла Артура Міхальскага, музыка Чэслава Немана, які нарадзіўся непадалёк ад Гродна, у нашы часы не страціла зацікаўлення людзей у Беларусі.

- Гэта настолькі цікавы чалавек, які выконваў на столькі наватарскую на тыя часы музыку, што ён усё яшчэ захапляе. Мы хацелі пераканацца, як гэта будзе выглядаць, калі мы прадставім Немэна ў сімфанічным варыянце. Трэба сказаць, што Чэслаў Немэн стаў ужо класікам.

Старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што Польшча дае прыклад, як неабходна шанаваць незалежнасць дзяржавы, якая нікому не даецца раз на заўсёды, яе трэба яе ахоўваць і берагчы.

- Польшча паказвае, як трэба любіць сваю культуру, як трэба любіць сваю мову, сваю краіну, каб гэтую краіну любілі таксама іншыя краіны і народы.

У канцэрце і ўрачыстым прыёме ў Вялікім тэатры ў Мінску з нагоды 101-ай гадавіны польскай дзяржаўнай незалежнасці ўдзельнічала звыш тысячы чалавек. Там пабываў таксама наш калега Уладзімір Пац.

нг

на здымку: удзельнікі Параду незалежнасці, які прайшоў у Гданьску 11 лістапада 2019 г.