Беларуская Служба

41 год таму Ян Павал ІІ прыехаў з першай пілігрымкай у Польшчу

07.06.2020 08:09
Знаходжанне Яна Паўла ІІ у Польшчы ў 1979 годзе мела непасрэдную сувязь з пазнейшымі зменамі ў Польшчы і Цэнтральна-Усходняй Еўропе, падзеннем камунізму і развалам СССР.
Аўдыё
  • 41 год таму Ян Павал ІІ прыехаў з першай пілігрымкай у Польшчу
Jan Paweł II
Jan Paweł IILech Zielaskowski / NAC

41 год таму, 2 чэрвеня 1979 года, Ян Павал ІІ прыехаў з першай пілігрымкай у Польшчу. Гэта была вялікая падзея, паколькі біскуп Рыму наведаў Польшчу ўпершыню за ўсю гісторыю краіны. Гэта таксама быў першы візіт кіраўніка Каталіцкага касцёла ў краіне, якой кіравалі камуністы.

Папа рымскі знаходзіўся ў Польшчы з 2 па 10 чэрвеня 1979 году. Ён наведаў, між іншым, Варшаву, Гнезна, Чэнстахову, Кальварыю Зэбжыдоўску, Вадавіцэ і Кракаў. Ян Павал ІІ удзельнічаў ва ўрачыстасцях 900-й гадавіны смерці святога Станіслава з Шчапанава. У Бэльвэдэры ён размаўляў з І сакратаром Цэнтральнага камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі Эдвардам Геркам. Ён адправіў Святую імшу на тэрыторыі былога нямецкага канцлагеру Аўшвіц-Біркенау. Быў таксама ў Новым Таргу.

У сустрэчы з папам і Імшы на кракаўскіх Блонях удзел узялі больш за 2 мільёны чалавек, гэта была адна з самых вялікіх рэлігійных сустрэч у гісторыі Польшчы.

Галоўны пасыл пілігрымкі гучаў: «Gaude Mater Polonia» (радуйся, маці-Польшча), аднак, ужо з першых дзён візіт праходзіў з гістарычнымі словамі, якія Ян Павал ІІ прамовіў на пляцы Перамогі ў Варшаве, якія былі ўспрынятыя як заклік да палітычных і свабодніцкіх змен у Польшчы:

-Няхай сыдзе Твой Дух і адновіць воблік гэтай зямлі. Амэн.

У Гнезне, які лічыцца калыскай польскай дзяржавы, падчас імшы ў дзень Пяцідзесятніцы Ян Павал ІІ гаварыў пра папу-славяніна, які павінен паказаць еднасць Еўропы:

-Ці не Святы Дух вызначае, што гэты папа-паляк, папа-славянін, менавіта цяпер выявіў духоўную еднасць хрысціянскай Еўропы. Мы ведаем, што яна складаецца з двух вялікіх традыцый – усходняй і заходняй.

У санктуарыі Маці Божай Чанстахоўскай святы айцец заклікаў, каб усе палякі маглі радавацца свабодай і пашанай правоў народу. Год пасля гэтай пілігрымкі ўзнік легендарны прафсаюз «Салідарнасць».

-Каб таксама вы, каханыя суайчыннікі, вы, палякі, якія дасведчылі столькі цяжкасцяў і цярпення, вайны і акупацыі, больш за 100 гадоў падзелаў, маглі радавацца ўнутраным мірам, унутранай свабодай.

Падчас візіту ў былым нямецкім канцлагеры Аўшвіц-Біркенау Ян Павал ІІ падкрэсліў, што не мог не прыехаць у гэтае месца, будучы галавой Касцёла. Ён зазначыў, што наведвае былы канцлагер таксама як «сын народу».

-Народу, які атрымаў у сваёй гісторыі, даўнейшай і больш сучаснай, столькі пакутаў ад іншых. Аднак, дазвольце, што гэтых іншых я не назаву па імёнах. Мы стаім у месцы, дзе пра кожнага чалавека, і пра кожны народ мы хочам думаць як пра брата.

Будучы ў Айчыне папа-паляк прасіў вернікаў, каб яне не спынялі размовы з Богам.

-Трэба заўсёды маліцца і ніколі не пераставаць – сказаў Пан Езус. Маліцеся і фармуйце праз прызму малітвы сваё жыццё. Не толькі хлебам жыве чалавек, не толькі зямным жыццём.

Ад’яжджаючы Ян Павал ІІ пакінуў палякам асаблівы пасыл, які прагучаў падчас казання на пляцы Перамогі:

-Чалавек не можа да канца зразумець сам сябе без Хрыста. Не можа зразумець, ні кім ён з’яўляецца, ні якая яго сапраўдная годнасць, ні якое яго пакліканне і канчатковае прызначэнне. Не можа гэтага ўсяго зразумець без Хрыста.

Камуністычныя ўлады падключылі да апрацоўкі папскай пілігрымкі мноства тайных супрацоўнікаў. Агенты Службы бяспекі пранікалі ў касцельныя арганізацыйныя службы, каб абмежаваць колькасць удзельнікаў сустрэч з папам, знішчалі квіткі доступу на Святыя імшы. Тэлебачанне паказвала толькі фрагменты сустрэч, не паказваючы натоўпу вернікаў. У кадрах паяўляліся толькі старыя і манашкі.

Чарговая пілігрымка Святога Айца ў Айчыну ў 1983 годзе праходзіла ва ўмовах часова прыпыненага камуністычнымі ўладамі ваеннага становішча. Падчас пантыфікату (1978-2005) Ян Павал ІІ у суме дзесяць разоў наведаў Польшчу, апошні раз у 2002 годзе.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры