Беларуская Служба

Праваслаўны калядны пост бярэ ўзор з пасхальнага

13.12.2020 07:12
Перад Калядамі праваслаўныя вернікі перажываюць саракадзённы калядны пост, які таксама называюць Піліпаўкай.
Праваслаўная царква_Alicja_/pixabay.com/CC0

Ён пачынаецца 28 лістапада – на наступны дзень пасля ўспаміну св. Піліпа ў праваслаўнай царкве.

Гэта адзін з чатырох асноўных пастоў, якія ёсць у праваслаўным літургічным годзе. Падчас яго вернікаў абавязваюць строгія правілы: рыбу, мяса і малочныя прадукты есці нельга. Таксама вернікі адмаўляюцца ад удзелу ў шумных гульнях.
Аднак, праваслаўныя святары падкрэсліваюць, што ў калядным посце ўстрымацца ад граху важней, чым устрыманне ад ежы.

Айцец Генрык Папроцкі кажа, што калядны пост бярэ ўзор з пасхальнага, таму працягваецца 40 дзён. Гэта вельмі строгі пост.

- Гэта вынікае з факту, што свята нараджэння Хрыста ў праваслаўнай традыцыі называецца «зімняй Пасхай», зімнім прыйсцем Хрыста. Мэта паста ў праваслаўі – гэта падрыхтоўка да свята. Сярод іншых мэтаў ёсць карысць для здароўя, бо ўсе ведаюць, што добра рабіць перапынкі ў ежы мяса, але гэта не галоўная мэта. Галоўная, каб чалавек зразумеў, што Хрыстос, прыходзячы на свет, як піша Біблія, адмовіўся ад усіх прыкметаў боскасці, прыняў пазіцыю слугі. Мы пры дапамозе посту становімся яго паслядоўнікамі. Адмаўляемся ад таго, што нам прыемна, смачна, каб сустрэць Хрыста, – расказвае айцец Папроцкі.

Піліпаўка ў праваслаўі заканчваецца каляднай вячэрай, якая таксама посная. Традыцыйнай праваслаўнай стравай была куцця, але цяпер куццю можна сустрэць на вігілійным стале таксама і ў католікаў. Неад'емным элементам таксама зʼяўляюцца падарункі. Аднак, паводле айца Генрыка Папроцкага, падчас абдорвання падарункамі ўвага звяртаецца на крыху іншыя справы, чым у заходняй традыцыі.

-У заходняй традыцыі стала гучыць нота радасці. Там няма сумных элементаў, сентыментаў. У сваю чаргу Усход з самага пачатку на службах вучыць усіх, што гэта толькі ўражанне бесклапотнасці, паколькі той, што нарадзіўся, памрэ. Ён нарадзіўся ў цёмнай пячоры і будзе пахаваны таксама ў цёмнай магіле. На іконах вельмі выразна пазначаная чарната магільнай пячоры і чарната пячоры нараджэння. Дзякуючы гэтаму свята становіцца больш сурʼёзным. Мы задумваемся над лёсам чалавека. Тое, што з першага пункту гледжання такое радаснае, усё ж нясе за сабой пакуты, смерць, высілак збаўлення. І гэта крыху мяняе падыход да свята Раства.

Самым важным элементам, які пераносіць вернікаў у час Вялікай суботы, зʼяўляюцца пялёнкі, у якіх ляжыць немаўля – дадае святар.

-Гэтыя пялёнкі вельмі нагадваюць палотны, у якія закручвалі нябожчыкаў у часы Старога Запавету. Таксама малы Хрыстос ляжыць у яслях на скале. Гэтая пячора вельмі нагадвае пячору з іконы, на якой Хрыста кладуць у магілу. Таму тут такі пасыл: той, хто прыйшоў на свет у пячоры народзін, будзе пакладзены ў пячору смерці. Звяртаецца ўвага, што збаўленне – гэта не толькі радасны прыход Хрыста, але гэта таксама ўсе наступствы, таксама балючыя.

У царкве няма звычаю ставіць батлейкі. Гэтую ролю выконвае ікона. Яе ставяць па сярэдзіне храма. Ікона выконвае ролю апавядання. На ёй бачныя не толькі балючыя моманты, але і радасныя: ёсць вол каля дзіцятка, ёсць мудрацы, якія ідуць за зоркай, ёсць Юзаф, анёлы, якія спяваюць Богу.

-У духоўным сэнсе народзіны адбываюцца так, быццам бы не было гэтых 2 тысяч гадоў. Як выдатна калісьці пісаў Міцкевіч: «Верыш, што Бог нарадзіўся ў віфлеемскіх яслях, але бяда табе, калі Ён не нарадзіўся ў табе». Менавіта да гэтага аповеду ікона і літургічныя тэксты павінны падрыхтаваць чалавека, – кажа ксёндз Папроцкі.

У адрозненні ад Адвэнту, у перыяд каляднага посту ва ўсходніх цэрквах няма такіх службаў, як лацінскія рараты (імша ў гонар Маці Божай, звычайна на світанку, вернікі прыходзяць на яе са свечкамі). Асноўны ўпор робіцца на духоўную падрыхтоўку вернікаў да Божага Нараджэння, рэкамендуючы часты доступ да сакраманту пакаяння і Еўхарыстыі, а таксама больш працяглую, чым звычайна, малітву ў дамах і семʼях.

Найбольш важныя дні ў календары Піліпаўкі – гэта ўспаміны святога евангеліста Матфея (29 лістапада), апостала Андрэя (13 снежня) і асабліва шанаванага біскупа Міра Ліцыйскага, св. Мікалая (19 снежня). Важным марыйным святам, якое адзначаецца падчас посту 4 снежня, зʼяўляецца Увядзенне Маці Божай у Храм.

Дзве нядзелі, якія папярэднічаюць Калядам, таксама маюць асаблівы літургічны характар: Святых праайцоў і Святых айцоў, падчас якіх згадваюцца ўсе важнейшыя постаці Старога Запавету: ад Ноя, Аўраама і Майсея да прарокаў. Гэта ўспамін мае на мэце падкрэсліць паслядоўнасць, якой Бог кіруе ўсёй гісторыяй выратавання чалавецтва і выконвае абяцанні, дадзеныя чалавеку.

Апошнія дні посту зʼяўляюцца найвялікшым выклікам для праваслаўных і вернікаў усходніх літургічных традыцый, калі зноў зʼяўляюцца даволі жорсткія правілы харчавання.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры