Беларуская Служба

Пчаляр: «Бортніцтва яднае народы былой Рэчы Паспалітай»

15.02.2021 14:27
«У XV і XVI стагоддзі, карысць ад бортніцтва была больш, чым прыбытак ад палявання і лесагаспадаркі разам узятых».
Аўдыё
  • Не толькі выдатны пчаляр, але і сябра Беларусі, Пётр Піласевіч распавёў нам пра гэты ўжо амаль забыты промысел.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock

Інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, празмернае ўжыванне ўгнаенняў нясе шкоду казуркам, у тым ліку пчолам. Аднак пчалярства з’яўялецца папулярным хобі і распаўсюджаным промыслам у Польшчы. Нярэдка звяртаюцца да старадаўняга бортніцтва.

Ратуюць дзікіх пчол, робяць смачны мёд, а таксама культывуюць старажытную славянскую традыцыю. Гаворка ідзе пра чальцоў Фонду «Борнтніцкае братэрства». Заснавальнік арганізацыі, не толькі выдатны пчаляр, але і сябра Беларусі, Пётр Піласевіч распавёў нам пра гэты ўжо амаль забыты промысел:

- Бортніцтва – гэта спосаб пчалярства, які заключаецца ў тым, што трэба рабіць дуплы на дрэвах або ў спілаваных частках дрэў – калодах. Затым іх трэба размясціць на вышыні, у кронах дрэў. Мы зыходзім з прынцыпу, што гэта чалавек павінен прыстасоўвацца да пчол і прыроды, а не імкнуцца адаптаваць пчолак да сваіх патрэбаў.

У наш час бортніцтва перастала быць прафесіяй. Цяпер гэта лад жыцця, хобі ці элемент культуры невялікіх супольнасцяў у Паўночна-Усходняй Польшчы, а таксама на Падляшшы. Зараз бортніцтва ўспрымаецца як чстка аховы прыроды, спосаб вярнуць пчол у лясную экасістэму.

Вы кажыце, што зараз, бортніцтва стала хобі, элементам традыцыйнай культуры. Што мы ведаем пра ранейшыя часы? Якое месца бортніцтва займала ў жыцці нашых продкаў, я маю на ўвазе жыхарства Вялікага Княства Літоўскага і Кароны?

- Калі нашы тэрыторыі былі пакрытыя непрыступнымі пушчамі, а гэты перыяд доўжыўся ажно да канца XVIII стагоддзя, бортніцтва было самым распаўсюджаным спосабам пчалярства. Борніцтва было крыніцай велізарнай колькасці мёду, воску і іншых прадуктаў, якія вырабляюць пчолы.

Аднак у XIX стагоддзі з развіццём упарадкаванага лесакарыстання, бортніцтва пачало перашкаджаць актыўнаму гаспадарчаму выкарыстанню лесу. Яго пачалі выцясняць. Адначасова людзі больш даведваліся аб біялогіі сямейства пчаліных, прыдумлялі сучасныя тыпы вулляў. У нашым выпадку гэта быў «Варшаўскі вулей», распрацаваны ў другой палове XIX стагоддзя, або вулей, які яшчэ нельга было разабраць, але там ужо выкарыстоўваліся рамкі і пчалінай шчыліны.

Трэба памятаць, што ў часы праўлення велікакняжацкай і каралеўскай дынастыі Ягелонаў, у XV і XVI стагоддзі, карысць ад бортніцтва была больш, чым прыбытак ад палявання і лесагаспадаркі разам узятых. Так адбывалася, з аднаго боку, з-за вялікага попыту на мёд, бо тады яшчэ не была вынайдзенай тэхналогія рафінавання цукру з цукровых буракоў. У тыя часы, мёд быў адзіным даступным на рынку аналагам будучага цукру. З іншага боку, таксама назіраўся вялікі попыт на пчаліны воск.

Пятро, а як вы асабіста зацікавіліся бортніцтвам, пачалі гэтым займацца?

- Усё пачалося з майго доўгага падарожжа на ўсход у 2009 годзе. Я аб'ездзіў амаль усю Беларусь, Расію, даехаў да Манголіі. На тэрыторыі Беларусі, на Палессі, я наткнуўся на вялікія драўляныя калоды, якія віселі на дрэве. Я звярнуў на гэта ўвагу, мяне гэта зацікавіла, заінтрыгавала.

Вярнуўшыся ў Польшчу, я пераехаў у Варшаву. Сам я родам з Аўгустова, тут я жыву і цяпер. Пасяліўшыся ў сталіцу, я шукаў як мне вярнуцца на сваю малую радзіму. Я вырас у лесе, сярод Аўгустоўскай пушчы. Кожныя канікулы мы з бацькамі мы ездзілі на нашу невялікую дачу, якая размешчана на беразе ракі Чорная Ганьча ў Аўгустоўскай пушчы. Я вырас на прыродзе. Я ўсё думаў, чым мне заняцца, каб маё вяртанне дадому мела нейкі сэнс. І тут мне ў галаву прыйшла ідэя займацца бортніцтвам.

Я пачаў даведвацца, што захавалася да нашых дзён у Аўгустоўскай пушчы. У 2013 годзе сустрэўся з двума старымі, якія да 1970-х гадоў займаліся калодным пчалярствам. Хоць калоды і былі дастаўлены на тэрыторыю іх уласных дамоў, але яшчэ да Другой сусветнай вайны яны віселі на дрэвах у Аўгустоўскай пушчы. Так гэта пачалося! Затым я вярнуўся ў Беларусь разам з маім прыяцелем, з якім я разам вучыўся. Мы яшчэ раз паехалі на Палессі, каб знайсці людзей, якія займаюцца бортніцтвам. Мы хацелі пабольш даведацца аб гэтай дзейнасці. Так і пачалася мая прыгода. У 2013 годзе я зрабіў першую калоду і вырашыў займацца гэтым надалей.

Вашай асабістае хобі вы ператварылі ў некамерцыйную арганізацыю. Колькі аднадумцаў зараз гуртуе «Бортніцкае братэрства»? Яно ўжо даўно прыдбала міжнародны характар. Ці многа борцяў вы зрабілі?

- Мы ўтрымліваем прыблізна 120 борцяў. Яны раскіданыя па ўсёй тэрыторыі Польшчы. У нашу заангажаваны 18 чалавек: трое беларусаў і 15 палякаў. Хлопцы з Беларусі ўтрымліваюць яшчэ 30 калодаў на тэрыторыі Налібоцкай пушчы.

Мы супрацоўнічаем з беларусамі, пастаянна падтрымліваем сувязь. Апошні раз мы ездзілі ў Беларусь у кастрычніку. Гэта значыць зусім нядаўна. Таксама мы разам ахоўваем нашу агульную спадчына на тэрыторыі Налібоцкай пушчы, дзе мы займаемся бортніцтвам і сумесна арганізоўваем бортніцкія майстар-класы. Гэтыя заняткі наведваюць не толькі палякі, але і брытанцы, галандцы, немцы. Яны даведаюцца аб нашай старадаўняй традыцыі. Мы расказваем пра бортніцтва як пра форму натуральнага пчалярства. Гэта вяртанне да каранёў, адмова ад негатыўных тэндэнцый, якія назіраюцца не толькі ў бортніцтве, але і ва ўсіх сектарах сельскай гаспадаркі: павелічэнне колькасці прадукцыі за кошт дабрабыту жывёлаў.

Мы спадзяемся на тое, што сітуацыя ў Беларусі стабілізуецца. Мы плануем далейшыя праекты. Да прыкладу, у красавіку мы хочам правесці майстар-класы, у тым ліку і на тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Таксама мы плануем правесці іншыя праекты, мэта якіх – ахова месцаў памяці ў Налібоцкай пушчы. Таксама мы спадзяемся, што сёлета нам удасца здзейсніць экспедыцыю на Палессе. Аднак усё гэта залежыць ад развіцця палітычнай сітуацыі. Таксама мы, гэта значыць польскі бок, і беларускі падалі заяўку ў ЮНЭСКО аб унясенні бортніцтва ў спіс нематэрыяльнай спадчыны. Мы спадзяваліся, што ўкраінскі бок таксама зможа падаць заяўку. Аднак Украіна ўнесла бортніцтва ў спіс нематэрыяльнай спадчыны краіны за месяц да падачы заяўкі, было занадта позна. Нягледзячы на гэта, мы спадзяемся на тое, што Украіна працягне працу, каб дамагчыся ўключэння бортніцтва ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ў рамках ужо існуючай заяўкі. Мы і нашы калегі з Беларусі гатовыя падтрымаць у гэтым украінцаў. Мы ставімся да бортніцтва як да элемента агульнай традыцыі і культуры народаў, якія калісьці былі часткай Рэчы Паспалітай, і іншых славянскіх народаў. Мы ставімся да бортніцтва як да дзейнасці, якая нас абʼядноўвае, а не падзяляе.

Палякаў, украінцаў і беларусаў яднае не толькі багатая традыцыя бортніцтва. Гэтыя народы зацята змагаліся, як палякі, альбо змагаюцца, як украінцы і ў апошнім часе беларусы за сваю свабоду. Як вы ставіцеся да апошніх падзеяў у Беларусі:

- Шчыра кажучы, я вельмі занепакоены тым, што адбываецца ў Беларусі. Менавіта тым, як улады ставяцца да грамадства. Я вельмі спадзяюся, што гэта прывядзе да станоўчым і мірных пераменаў. Такія перамены ніколі не бываюць простымі. Трэба памятаць аб тым, што ў Польшчы з моманту забастоўкі «Салідарнасці» у 1980 годзе да першых часткова свабодных выбараў прайшло дзевяць гадоў.

Вядома, мы жывем у іншы гістарычны і палітычны час, але ўсё роўна трэба разумець, што мы не гаворым пра змены, якія адбываюцца кожны дзень, кожны тыдзень ці нават кожны месяц. Я думаю, што мірная барацьба за свае правы ў Беларусі працягнецца яшчэ год ці паўтара. Я ўсёй душой падтрымліваю беларускі народ. Я жадаю ім знайсці свой уласны шлях, які прывядзе іх да дэмакратыі і дабрабыту.

Пра бортніцтва – традыцыю, якая яднае славянаў, мы гутарылі, з аматарам гэтага промыслу Пятром Піласевічам. Спадзяемся, што пажаданні Пятра беларусам хутка ажыццявяцца.

эж