Беларуская Служба

100 гадоў таму Сейм Польшчы ратыфікаваў Рыжскае мірнае пагадненне

16.04.2021 18:22
Ход перамоў у Рызе адлюстроўвае розніцы ў поглядах на тэму перамір’я і мяжы паміж важнейшымі палітычнымі сіламі ў Польшчы.
Аўдыё
  • 100 гадоў таму Сейм Польшчы ратыфікаваў Рыжскае мірнае пагадненне
Członkowie polskiej delegacji na rokowaniach w Rydze. Na zdjęciu m.in. Leon Wasilewski i Jan Dąbski.
Członkowie polskiej delegacji na rokowaniach w Rydze. Na zdjęciu m.in. Leon Wasilewski i Jan Dąbski. Polona.pl/domena publiczna

100 гадоў таму, 15 красавіка 1921 года, Сейм Польшчы ратыфікаваў Рыжскае мірнае пагадненне. Міжнародны дакумент, падпісаны ў сталіцы Латвіі, дазволіў закончыць польска-бальшавіцкую вайну.

Рыжская мірная дамова была заключаная 18 сакавіка 1921 года ў Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку, і Польшчай з другога. Беларускія дэлегацыі ні ад БССР, ні тым больш ад БНР не былі дапушчаныя да падрыхтоўкі і падпісання дамовы. Чаму? Бо лічылася, што фармальна бакі вайны не ваявалі з Беларуссю, таму беларуская дэлегацыя не магла быць бокам пагаднення. І нягледзячы на тое, што дакумент непасрэдна датычыў беларусаў і іх радзімы.

У пагадненні, у прыватнасці, гаварылася пра кантрыбуцыю для Польшчы, якую мела выплаціць Расія, а таксама ўрэгулёўвалася пытанне рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з тэрыторыі бальшавіцкай Расіі. Як сёння, так і тады Рыжскі мірны дагавор па-рознаму ацэньваўся ў Польшчы: для адных – гэта дасягненне польскай палітыкі, для іншых – параза.

Пасля перамогі польскай арміі на Нёмане 28 верасня 1920 года і заняцця Мінска 12 кастрычніка таго ж года паміж Польшчай і бальшавікамі было падпісанае перамір’е. Аднак перамовы пачаліся раней, у жніўні 1920 года, пасля таго, як палякам удалося адкінуць бальшавіцкую армію ад Варшавы.

Ход перамоў у Рызе адлюстроўвае розніцы ў поглядах на тэму перамір’я і мяжы паміж важнейшымі палітычнымі сіламі ў Польшчы. Польская дэлегацыя складалася ў пераважнай большасці з прадстаўнікоў правых сіл. Яны, у адрозненні ад Юзэфа Пілсудскага, лічылі, што Польшча не павінна рэалізаваць канцэпцыі федэралізму і падтрымліваць народы, якія некалі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а звычайна ўключыць этнічна непольскія тэрыторыі ў склад дзяржавы. Гэта ў першую чаргу датычыла беларусаў і ўкраінцаў. Прадстаўнікі нацыяналістычных колаў лічылі, што бальшавіцкая дзяржава праіснуе нядоўга, і меркавалі, што незалежныя Беларусь, Украіна і Літва ў будучым могуць быць пагрозай для Польшчы. Таму яны былі прыхільнікамі падзелу беларускіх, украінскіх і літоўскіх зямель.

Устанаўленне мяжы стала вынікам асабістых перамоў паміж кіраўнікамі польскай дэлегацыі Янам Домбскім і расійскай Адольфам Іофе.

Дарэчы, у выніку пункта, датычнага рэпатрыяцыі, у Польшчу вярнулася амаль 1 млн палякаў, у тым ліку з самых далёкіх куткоў былой Расійскай Імперыі. Расія таксама абавязалася выплаціць Польшчы 30 млн рублёў золатам кантрыбуцыі. Гэты пункт пагадення ніколі не быў рэалізаваны.

Дарэчы, дэлегацыя БССР прысутнічала ў Рызе з самага пачатку перамоваў, але яе паўнамоцтвы не былі прызнаныя польскім бокам. Расійскі бок таксама не быў зацікаўлены ва ўдзеле беларускіх прадстаўнікоў у працэсе выпрацоўкі пагаднення, паколькі гэта магло разбурыць дыпламатычную камбінацыю і нават сарваць заключэнне міру.

Ад імя БССР выступала Расія. БНР апелявала да вядучых еўрапейскіх дзяржаваў праз Раду паслоў у Парыжы, але члены Антанты падтрымлівалі Польшчу, якая была адным з асноўных элементаў пасляваеннай версальскай сістэмы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на фота: члены польскай дэлегацыі на перамовах у Рызе


Больш на гэтую тэму: Машына часу