Тэмай, якая штодзённа з’яўляецца ў СМІ і нашым звычайным жыцці з’яўляюцца змены клімату. Тое, у якім свеце будзем жыць мы і будучыя пакаленні хвалюе шмат каго, ад навукоўцаў па звычайных людзей. Часам у такіх размовах можна пачуць, што калісьці такіх праблем не было, што калісьці людзі жылі ў згодзе з натурай і наўпрост карысталіся яе пладамі. Сёння мы перарабляем натуру, а дадаткова яшчэ загружаем яе прадукцыяй, якую Зямля не прымае. Паводле Сусветнага банку, чалавек штогод стварае больш чым 2 мільярды тон смецця. Гэта азначае, што ў сярэднім кожны з нас прадукуе 0,74 кілаграма адкідаў за дзень. Калісьці гэтая статыстыка магла дасягаць такіх лічбаў, але толькі ў кантэксце дзясяткаў гадоў. Смецце гэта вялікая і, досыць новая тэма ў грамадскім жыцці.
Аб тым, што нашыя бабулі жылі экалагічна мы маглі пачуць на адмысловай сустрэчы Дзяржаўнага этнаграфічнага музею, на якім пра эка-практыкі расказвала этнографка Малгажата Яшчалт:
-Калі казаць аб прадуктах харчавання, то калісьці хатнія гаспадыні не выкідвалі ежы. Была нейкая закрытая цыркуляцыя. Тое, што сёння называем «zero waste» – нуль адходаў, было чымсьці звычайным. Сёння гэта не магчыма дасягнуць поўнасцю, аднак тады, у 19 стагоддзя не было смецця. Людзі стараліся спажываць усю ежу, якая ў іх была, бо харчоў было няшмат. Нават калі трэба было пачысціць бульбу, то бульбяныя абіркі не выкідваліся, іх давалі жывёле. Людзі стараліся ашчаджаць і выкарыстоўваць усё. Прынамсі так кажуць крыніцы пра 19 стагоддзе, што вёска была вельмі беднай. Так што гэтыя рэшткі давалі жывёлам, але і іх не было шмат. Ежа была простай, дыета ў асноўным была расліннай, з уласнага агароду або з лесу. Таму вёска ніякім чынам не вырабляла смецця. Што яшчэ варта заўважыць, гэта вопратка. Быў адзін святочны касцюм. Яго апраналі на вяселле, паховіны, у касцёл. Гэта стыль жыцця якога сёння не можам уявіць сабе. Да таго, вопратку таксама рабілі дома, і з рэсурсаў якія былі побач: воўна, лён, і з гэтага таксама не было адкідаў. Калі казаць пра посуд, ён быў з гліны. Метал з’явіўся на вёсцы, калі пачалі працаваць вялікія фабрыкі, то бок на пачатку 20 стагоддзя, але да гэтага часу карысталіся гліняным посудам. І гліна таксама лёгка біядэградуецца.
У мінулым важным фактарам экалагічнага жыцця, хутчэй за ўсё несвядомым, была гігіена. Пра яе дбалі з выкарыстаннем даступных сродкаў, якія былі побач. Для мыцця выкарыстоўвалася вада з калодзежу, якую падагравалі на печы, а ў якасці шампуняў выкарыстоўваліся натуральныя рэчывы :
-Ужываўся попел у якасці шампуні, рэдка ў людзей было мыла, а калі яно было, то яго рабілі дома. Толькі потым мыла можна было ўжо купіць у краме ў горадзе. Але тады карысталіся раслінамі, якія пеняцца, напрыклад мыльнянка. Акрамя таго, агульныя веды пра травы, зёлкі і іх уласцівасці былі вельмі багатыя. Іх ужывалі для лячэння і для гігіены. Аднак асновай усё яшчэ заставалася вада і попел, усё было на месцы, да часу калі на вёску прыйшлі гарадскія тавары.
Увесь не экалагічны свет, які ведаем сёння набраў тэмпы пасля Другой сусветнай вайны і на пераломе ХХ і ХХІ стагоддзя. Рост забруджання, колькасць смецця ў навакольным асяроддзі, стыхійныя няшчасці і хуткі рост колькасці насельніцтва спрычыніўся да таго, што часта мы не маем часу задумацца, як дапамагчы свету і захаваць яго ў добрым стане для будучых пакаленняў.
Адказам на гэта могуць быць менавіта практыкі, якімі карысталіся нашыя продкі. Сёння ўжо не будзем заклікаць браць ваду з калодзежу, а валасы мыць попелам, але мы можам не купляць мноства вопраткі, можам харчавацца лакальнымі прадуктамі, або нават выгадаваць сваё.
Аб тым, што карысна для нас будзе карыстацца вопытам мінулых пакаленняў, – падкрэсліла таксама этнографка Малгажата Яшчалт:
-На сённяшні дзень можам канстатаваць, што свет змяняецца і змяняюцца каштоўнасці. Мы шукаем месца ў гэтым свеце шматлікімі спосабамі. Я думаю, што на сённяшні момант упершыню, дзякуючы ведам, навуцы, тэхналогіі, але і цывілізацыйнаму росту і развіццю вельмі дакладна можам чэрпаць з мінулага. Мы ведаем якім было жыццё некалькі дзясяткаў, соцень, нават тысячаў гадоў таму і можам уявіць, як тады жылі людзі. І тым, што ад іх мы навучымся варта карыстацца, чэрпаць з іх досведу, з таго, што нам удалося адкрыць, прачытаць, што мы даведваліся ад даследчыкаў мінулага.
А ці вы карыстаецеся спосабамі, якія засвоілі ад вашых бабуль? Калі так, то віншуем, вы можаце сказаць, што стараецеся жыць экалагічна! Калі не, то варта задумацца, якія звычкі нашых продкаў варта ўвесці ў нашае сённяшняе жыццё. Напэўна шмат з іх будзе карыснымі, не толькі для вас асабіста, але і для наваколля і для нашай планеты.
Альберт Ежы Вяжбіцкі