Беларуская Служба

У Беластоку беларусам уручылі прэмію пад патранатам прэзідэнта Польшчы (ФОТА)

10.11.2021 16:19
Прэмію імя Льва Сапегі ўстаноўленая польскімі ўніверсітэтамі для беларускіх навукоўцаў, якія ўнеслі важны ўклад у развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. 
Аўдыё
  • У Беластоку беларусам ўручылі прэмію пад патранатам прэзідэнта Польшчы
 :  ,  ,  ,  ,
Злева направа: Самбар Груча, Ігар Мельнікаў, Ізабэла Свянціцка, Кацярына Крывічаніна, Ян Маліцкіфота аўтара

У Беластоку ўручылі Прэмію імя Льва Сапегі. Гэтая ўзнагарода была ўстаноўленая гады таму некалькімі польскімі ўніверсітэтамі для беларускіх навукоўцаў, якія ўнеслі важны ўклад у кшталтаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Патронам прэміі з’яўляецца прэзідэнт Польшчы.

Падчас уручэння ўзнагароды падкрэслівалася, што яе патронам з’яўляецца кожны чарговы прэзідэнт Польшчы, незалежна ад поглядаў і палітычнай прыналежнасці. Сёлета нетыпова былі ўручаныя дзве прэміі – за мінулы год і сёлетняя. Мінулагоднім лаўрэатам з’яўляецца даследчык польска-савецкай даваеннай мяжы і міжваеннай Польшчы ды Войска Польскага, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў. Уручэнне прэміі і навуковая стажыроўка, якая з’яўляецца яе асноўным складнікам, пераносіліся некалькі разоў з-за пандэміі.
У сваю чаргу сёлетнім лаўрэатам з’яўляецца даследчыца Чарнобыльскай катастрофы ў аспекце міжнароднага супрацоўніцтва, кандыдат гістарычных навук Кацярына Крывічаніна. Год таму навуковец была звольненая з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук за палітычную і грамадскую пазіцыю.


Уручэнне прэміі Уручэнне прэміі

Урачыстае ўручэнне прэміі прайшло ў новым і сучасным корпусе Біялагічна-хімічнага факультэту Беластоцкага ўніверсітэту. ВНУ ў Беластоку хоць і маладая ўстанова, то аднак імкнецца заняць сваё пачэснае месца сярод польскіх універсітэтаў. А факт, што ўручэнне праходзіць менавіта ў Беластоку, можна назваць сімвалічным момантам, лічыць прарэктар Беластоцкага ўніверсітэту, прафесар Ізабэла Свянціцка (Izabela Święcicka).

- Сімвалічныя два моманты. Па-першае, узнагарода ўручаецца блізка да мяжы ў цяжкі гістарычны момант як для нас, так і для беларусаў. Сённяшнія падзеі на мяжы нас непакояць і засмучаюць. Па-другое, іншы сімвалізм заключаецца ў тым, што Беластоцкі ўніверсітэт пачынае адзначэнне 25-годдзя з моманту стварэння. Мы радыя, што якраз у гэты момант, калі святкуем юбілей, мы можам быць месцам уручэння ўзнагароды імя Льва Сапегі за 2020 і 2021 гады.

Прэмія імя Льва Сапегі была ўстаноўленая ў 2006 годзе па ініцыятыве Цэнтру ўсходніх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту і фонду «Калегіюм Усходняй Еўропы» (г. Уроцлаў). Цягам гэтых гадоў рухавіком узнагароды з’яўляецца дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў Ян Маліцкі (Jan Malicki). Ён заўважыў, што сёлета ўручэнне прэміі супала з драматычнымі падзеямі на беларуска-польскай мяжы.

- Ніхто не думаў пра тое, што цяпер адбываецца на мяжы. Уручэнне прэміі ў Беластоку, ля мяжы, стала сімвалічным момантам. Фармальна ўзнагарода не мае ніякай сувязі з падзеямі на мяжы, хоць з іншага боку яе лаўрэатамі сталі людзі, у якіх ёсць адвага працаваць на карысць свабоды ў Беларусі. У краіне, дзе цяпер пры ўладзе знаходзіцца чалавек, які сфабрыкаваў выбары, а цяпер пачаў адкрытую атаку на першую краіну Еўрасаюза.

Прэмія імя Льва Сапегі існуе дзякуючы супрацы некалькіх польскіх універсітэтаў. Гэта Варшаўскі ўніверсітэт, Познаньскі ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча, кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт, Уроцлаўскі ўніверсітэт і Беластоцкі ўніверсітэт.


Ігар Мельнікаў з дыпломам Ігар Мельнікаў з дыпломам

Прарэктар Варшаўскага ўніверсітэту Самбар Груча (Sambor Grucza) звяртае ўвагу на тое, што польскія ўніверсітэты, у тым ліку сталічная ВНУ, выходзяць з уласнымі ініцыятывамі, накіраванымі на падтрымку беларусаў і беларускай грамадзянскай супольнасці.

- Узнагарода імя Льва Сапегі – гэта калектыўная прэмія некалькіх польскіх універсітэтаў. Але ў польскіх ВНУ існуюць адначасова розныя самастойныя ініцыятывы, накіраваныя на падтрымку беларусаў. Для прыкладу, два тыдні таму мы ўручылі дыпломы ўдзельнікам курсаў. Іх назва – «Моўна-культурныя курсы для беларускай грамадскасці Варшавы». Гэта ініцыятыва Варшаўскага ўніверсітэту, польскага амбудсмэна і арганізацыі «Беларускі хаб». Курсы працягваліся тры месяцы і былі арганізаваныя Кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. У іх удзел прыняло 55 чалавек. Гэта наш сціплы ўклад у развіццё польска-беларускіх кантактаў у Варшаве.

З-за эпідэмічнай сітуацыі час стажыроўкі Ігара Мельнікава пастаянна адкладваўся. Цяпер навуковец ужо яе завяршае. Ён задаволены тым, што цягам года ўдалося папрацаваць у польскіх архівах і сустрэцца з польскімі калегамі, у тым ліку з вядомымі гісторыкамі.

- Для мяне асабіста – гэта добрая магчымасць паказаць мае даследаванні, тое, што зроблена ў Беларусі праз выставы, праз 15 кніг, праз вялікую колькасць экскурсій і палявых экспедыцый ды выездаў. А таксама добрая магчымасць працы ў польскіх архівах, у тым ліку ў службовых архівах, якія, як вядома, для навукоўцаў адкрытыя, накшталт Архіву Памежнай службы ў Ольштыне альбо Цэнтральнага вайсковага архіву ў Рэмбертаве. Гэта таксама добрая магчымасць, каб сустрэцца з польскімі навукоўцамі, якія займаюцца падобнымі тэмамі.

Дыплом Ігара Мельнікава Дыплом Ігара Мельнікава

Кацярына Крывічаніна ўдзячная капітулу прэміі за тое, што была заўважаная яе праца як гісторыка і як грамадскай актывісткі. Гісторык зазначае, што атрыманне прэміі для яе стала пэўнай нечаканасцю. Яна звяртае ўвагу на гістарычнага героя, які з’яўляецца патронам прэміі.

- Атрыманне такой узнагароды для кожнага навукоўца з Беларусі – гэта надзвычай ганарова. Я таксама цешуся, што гэта прэмія – імя Льва Сапегі, таму што ў беларускай свядомасці, асабліва ў свядомасці сучаснай беларускай моладзі, ён з’яўляецца адным з найбольш слынных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага. Сапега – важная гістарычная фігура, калі казаць пра будаванне беларускай дзяржаўнасці.

Кацярына Крывічаніна Кацярына Крывічаніна

У рамках Прэміі імя Льва Сапегі яе лаўрэат мае магчымасць цягам году працаваць ва ўніверсітэтах, якія з’яўляюцца членамі ініцыятывы. Яму прадастаўляецца жыллё і стыпендыя. Дзякуючы лекцыям лаўрэата і яго сустрэчам з польскімі студэнтамі і выкладчыкамі польская навуковая думка мае магчымасць непасрэднага знаёмства з беларускай праблематыкай. У рамках стыпендыі яе лаўрэат можа таксама выдаць кнігу за кошт арганізатараў прэміі.

Леў Сапега (1557-1633 г.г.) быў адным з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Цягам свайго жыцця ён быў вялікім гетманам літоўскім, вялікім канцлерам літоўскім, маршалам Сейма, Віленскім ваяводам, каралеўскім сакратаром, вялікім пісарам літоўскім, а таксама старастам слонімскім, брэсцкім і магілёўскім.

Леў Сапега ўвайшоў у гісторыю Беларусі як выдатны дзяржаўны дзеяч і дыпламат.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл