Беларуская Служба

Агароджа на польска-беларускай мяжы адных у Польшчы цешыць, іншых злуе

29.01.2022 08:20
Будаўніцтва падтрымліваюць у асноўным жыхары памежжа і муніцыпальныя ўлады, супраць выступаюць эколагі.
Пачалося будаўніцтва агароджы на мяжыфота: PAP/Artur Reszko

Polska Times.pl нагадвае, што на гэтым тыдні пачалося будаўніцтва агароджы на польска-беларускай мяжы. Стальны плот вышынёй у 5,5 метра будзе мець даўжыню 186 кіламетраў. Ён павінен быць гатоў да чэрвеня бягучага года.

Будаўніцтва падтрымліваюць у асноўным жыхары памежжа і муніцыпальныя ўлады, якія разлічваюць, што дзякуючы агароджы ў рэгіён вернецца нармальнае, спакойнае жыццё, без страху перад нелегальнымі мігрантамі, без тысяч салдат і пагранічнікаў. Са значна меншым энтузіязмам ставяцца да плоту на мяжы эколагі. Актывісты звяртаюць увагу на тое, што агароджа падзеліць апошні натуральны нізінны лес Еўропы – Белавежскую пушчу. У інтэрнэце можна падпісаць петыцыю пад назваю «Не» – знішчэнню Белавежскай пушчы будаўніцтвам агароджы на мяжы». Дакумент падпісалі ўжо амаль 18 тыс. чалавек. У сваю чаргу, на думку Яраслава Краўчыка з установы «Дзяржаўныя лясы», агароджа не павінна моцна негатыўна паўплываць на прыроду пушчы, паколькі аўтары праекту прадбачылі спецыяльныя шлюзы для звяроў.

Жыхары каштоўных у турыстычным плане памежных рэгіёнаў кажуць, што ім не вельмі падабаецца ідэя агароджы, але яны ўжо стомленыя павышанай увагай да месца свайго жыхарства, і спадзяюцца, што дзякуючы ёй зноў можна будзе свабодна перамяшчацца, знікнуць мігранты, а паявяцца турысты.

нг