Беларуская Служба

Польская дзяржава і звычайныя палякі дапамагаюць уцекачам з Украіны

08.03.2022 22:05
Многія людзі былі прымушаныя кінуць свае дамы, маёмасць, пажылых бацькоў, каб ратаваць сябе і сваіх дзяцей.
Аўдыё
Бежанцы з Украіны ў Польшчыфота: PAP/Vitaliy Hrabar

У Польшчы ўжо звыш аднаго мільёна бежанцаў з Украіны ў сувязі з ваенным нападзеннем Расіі на тэрыторыю незалежнай украінскай дзяржавы. 

Рух праз польска-украінскую мяжу ідзе несупынна. Канешне, значна больш людзей перасякае яе ў боку Польшчы, але таксама ў бок Украіны едуць людзі – пераважна маладыя мужчыны, якія вяртаюцца з заробкаў у Еўропе на радзіму, каб бараніць сваю зямлю ад агрэсара. У сваю чаргу ў другі бок едуць у асноўным жанчыны, многія з дзецьмі, пакінуўшы сваіх мужоў, братоў і сыноў на Украіне.

Польскай дзяржаве неабходна вельмі хуткімі тэмпамі справіцца з вялізным патокам бежанцаў – даць ім дах над галавой, медычную апеку, працу, а дзецям – магчымасць вучыцца. У Польшчы ўжо прыняты праект спецыяльнага закону, які дапаможа разабрацца з усімі гэтымі пытаннямі. Закон устанаўлівае дэталі прынцыпаў легалізацыі прабывання ўкраінцаў, якія прыехалі ў Польшчу ў сувязі з нападзеннем Расіі на Украіну. У дакуменце гаворка ідзе пра дазвол на легальнае часовае прабыванне ў Польшчы і падтрымку польскіх сем’яў, якія прымаюць пад свой дах украінцаў.

Па словах прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, закон прадугледжвае выдачу дазволу на легальнае прабыванне тэрмінам паўтара года.

- Грамадзяне Украіны могуць легальна прабываць у Польшчы на працягу 18 месяцаў, змогуць уладкоўвацца на працу. Гэты перыяд ёсць магчымасць падоўжыць да трох гадоў. У гэтым законе мы таксама прадбачылі аказанне фінансавай падтрымкі палякам, якія пад свой дах узялі ўкраінскія сем’і. 40 злотых у дзень – гэта каля 1200 злотых у месяц. На перыяд двух месяцаў.

Дабрачынныя арганізацыі заклікаюць разумна і прадумана аказваць дапамогу Украіне і бежанцам з Украіны. Валанцёры адзначаюць, што перад тым, як купіць і прывезці нейкія рэчы, варта пашукаць інфармацыю, якая дапамога патрэбная. Трэба таксама пралічыць свае сілы, – кажа Яанна Баньчароўска з люблінскага аддзялення Карытас.

- Гэтая сітуацыя не закончыцца заўтра або паслязаўтра. Так што лепш прадумаць, якім чынам арганізаваць доўгатэрміновую дапамогу, чым усе сілы патраціць цяпер і тут.

Украінскія бежанцы могуць разлічваць на дапамогу не толькі ад звычайных палякаў ды дабрачынных арганізацый. Яны атрымаюць падтрымку і з боку польскай дзяржавы. Пра гэта заявіў віцэ-міністр сям’і і сацыяльнай палітыкі Станіслаў Швэд. Яны змогуць увайсці на рынак працы, атрымаць дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання, бясплатнай адукацыі і медычнай апекі. Па словах дзяржаўнага чыноўніка, бежанцы павінны зарэгістравацца на мяжы або ў адміністрацыі гміны і там падаць адпаведную заяву.

- Калі дзеці будуць хадзіць у школу, то яны аўтаматычна атрымліваюць тыя ж правы, што і польскія дзеці – права на матэрыяльную дапамогу ў сувязі з пачаткам новага навучальнага года і права на дапамогу з праграмы 500+. Галоўная ўмова атрымання дапамогі – дадзеная асоба, якая прыбывае ў нашу дзяржаву, пацвярджае, што яна намерана застацца ў Польшчы. Дзеля гэтага неабходна зарэгістравацца ў дзяржаўнай адміністрацыі, грамадзянін Украіны павінен падаць адпаведную заяву.

Максімальна будзе спрошчана працэдура найму на працу бежанца з Украіны. Паводле інфармацыі міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлены Малёнг, дзеля легалізацыі супрацоўніка з Украіны неабходна будзе адправіць заяву праз інтэрнэт.

- Калі грамадзянін Украіны захоча ўладкавацца на працу, наймальнік на працягу сямі дзён павінен адправіць па электроннай сувязі заяву з інфармацыяй, што ён прымае на працу дадзенага чалавека. Канешне, у гэтай заяве неабходна змясціць усю патрэбную інфармацыю, і тады можна працаваць легальна.

Дзякуючы закону прасцей будзе арганізаваць апеку над дзецьмі бежанцаў. Сярод людзей, якія прыбылі ў Польшчу, шмат маладых жанчын, якія змогуць заняцца такой працай, – дадае міністр.

- Гэтыя жанчыны змогуць арганізоўваць пункты апекі над дзецьмі да трохгадовага ўзросту. Польскі закон гэта дазволіць. Таксама органы мясцовага самакіравання змогуць адкрываць дадатковыя пункты апекі, якімі змогуць карыстацца таксама дзеці з Украіны.

Таксама будзе аказана сацыяльная дапамога інвалідам і пажылым людзям. Бежанцы, якія ўладкоўваюцца на працу, будуць мець права на сямейны капітал. Акрамя таго, сем’і бежанцаў змогуць атрымаць сумеснае жыллё. Арганізацыі, якія будуць прымаць бежанцаў, таксама павінны атрымаць фінансавую падтрымку ад дзяржавы.

нг