Беларуская Служба

Эксперт: Калі Пуцін захоча пайсці на Літву, Латвію, Астравецкую АЭС могуць задзейнічаць як брудную бомбу

20.04.2022 20:30
Падчас вайны Расіі з Украінай адбылася сітуацыя, якой раней не было ў гісторыі. Расійская армія ўпершыню выкарыстоўвала атамныя аб’екты – атамныя станцыі, як умацаваныя плацдармы
Аўдыё
  • Пра небяспеку атамнай энергетыкі падчас вайны расказваюць эксперты Андрэй Ажароўскі і Таццяна Новікава.
 .
Чарнобыльская АЭС.Shutterstock/Miłosz Maślanka

Расіяне размяшчалі на АЭС свае войскі, абстрэльвальвалі станцыі. Чым гэта пагражае і ці ёсць сэнс выкарыстоўваць атамныя станцыі ў вайсковых мэтах – у матэрыяле.

Слухайце далучаны файл!

Размова ідзе пра Запарожскую і Чарнобыльскую АЭС. 24 лютага, у самы першы дзень расійскага ўварвання, Чарнобыльская атамная электрастанцыя, якая знаходзіцца ўсяго за 16 км ад мяжы з Беларуссю, была занята расійскімі войскамі. Цяпер яна зноў знаходзіцца пад кантролем Украіны.

Хаця Чарнобыльская АЭС выведзена з эксплуатацыі, там захоўваецца вялікая колькасць радыеактыўных адкідаў, абсталяванне станцыі трэба пастаянна абслугоўваць. Пасля катастофы 1986 года мільярды долараў былі патрачаны на тое, каб правесці работы па дэзактывацыі і стрымліванні далейшага распаўсюду радыяцыі. У выпадку невыканання мер бяспекі магчымы новыя сур'ёзныя ўцечкі радыяцыі. Менавіта таму супрацоўнікі АЭС нават пасля захопу станцыі прыкладалі ўсе намаганні, каб трымаць сітуацыю пад кантролем.

Расійскія вайскоўцы ўзялі ў закладнікі персанал Чарнобыльскай АЭС і амаль месяц трымалі іх на станцыі без ратацыі і магчымасці вярнуцца дадому. Гэтая сітуацыя выглядае ірацыянальнай, бо ўсім зразумела, што ў выпадку аварыі на АЭС маштабы катастрофы будуць аграмадныя.

Расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі адзначае, што калі захопліваюць атамныя станцыі, парушаецца ўся сістэма бяспекі. Напрыклад, да гэтага незразумела, хто адказвае за бяспеку на запарожскай АЭС, якую захапілі расіяне.

Ажароўскі прыводзіць прыклад даследаванняў Інстытута навук Аўстрыі наконт магчымага ўздзеяння радыяцыі, калі адбудзецца аварыя на Запарожская АЭС. Пацярпець можа як Расія, так і Еўропа. Усё залежыць ад таго, куды вецер панясе радыяцыйныя выкіды. І гэта тычыцца любой атамнай станцыі.

Таццяна Новікава, спецыяліст у галіне ўстойлівага развіцця, каардынатар Беларускай Антыядзернай Кампаніі, раскавае пра небяспеку атамных станцый.

– Што небяспечнага на гэты тэрыторыях? Не толькі рэактары, на Запарожскай АЭС шэсць рэактараў, гэта самая вялікая АЭС у Еўропе. З аднаго боку корпус рэактараў абаронены, нельга сказаць, што любы ўдар прывядзе да выбуху. Але мы ведаем, што Фукусіма адбылася з-за цунамі, Чарнобыль таксама. Ніхто не бамбіў гэтыя станцыі. Да аварыі можа прывесці абясточванне, пашкоджанні ў працы. На станцыях таксама знаходзяцца сховішчы з адпрацаваным ядзерным палівам. Традыцыйна гэтыя сховішчы абароненыя не так, як рэактар. Адпрацаванае ядзернае паліва – найбольш небяспечны адыход ад працы АЭС, які мусіць быць ізаляваны на мільёны год, бо там знаходзіцца больш за сотню таксічных ізатопаў. Усе гэтыя элементы павінны быць ізаляваныя, калі ракета патрапіць у такое сховішча, гэта справакуе выкід радыяцыі, – гаворыць Таццяна Новікава.

Фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі гаворыць, што МАГАТЭ – Міжанароднае агенцтва па атамнай энергетыцы – абсалютна няправільна адрэагавала на падзеі ва Украіне:

– Што МАГАТЭ мусіла зрабіць? 24 лютага ці ў любы наступны дзень яны мусілі заявіць, што адпраўляюць сваіх спецыялістаў ва Украіну на кожную з атамных станцый. Калі б былі гэтыя незалежныя назіральнікі, мы б цяпер не гадалі, якая там магутнасць дозы, ці знаходзяцца на станцыі супрацоўнікі Расатам.

24 лютага генеральны дырэктар МАГАТэ сказаў важную рэч: Яшчэ ў 2009 годзе на Генеральнай канферэнцыі было прынята рашэнне, якое гаворыць, што любое ўзброенае нападзенне на ядзерныя ўстаноўкі ці пагроза такога нападу ёсць парушэннем прыныпаў Статута ААН і статута МАГАТЭ. Таксама ў Жэнеўскай канвенцыі гаворыцца што плаціны, дамбы і АЭС не павінны станавіцца аб’ектам нападу. І мы вымушаныя канстатаваць, што ядзерныя ўстаноўкі, Запарожская і Чарнобыльская АЭС падвергліся нападу, то бок Жэнеўская канвенцыя была парушаная.

Атамныя электрастанцыі, любыя, гэта ядзерны і радыяцыйна небяспечны аб’ект па нарматыўнай дакументацыі... Ці можна атамную электрастанцыю выкарыстоўваць, як брудную бомбу? Але каму яна будзе пагражаць? Гэта толькі для тэрарыстаў ці для выгандлёўвання нечага. Гэта самазабойчы аб’ект з ваеннай кропкі гледзішча. Брудная бомба, зробленая з запарожскай АЭС ці трох рэактараў Чарнобыльскай АЭС – а яны ўсё яшчэ там, на месцы, гэта проста паўтор таго, што было ў 1986 годзе. Гэта крок зрабіць немагчымым жыццё на тэрыторыіі тысячы квадратных кіламетраў.

Таццяна Новікава, спецыяліст у галіне ўстойлівага развіцця, каардынатар Беларускай Антыядзернай Кампаніі, гаворыць што Беларуская АЭС у Астраўцы патэнцыйна можа стаць такім небяспечным аб’ектам у руках людзей, якія неадэкватна ацэньваюць рэчаіснасць.

– Калі мы гаворым пра Астравекую АЭС, чаму яна была пабудаваная менавіта пад Астраўцом на мяжы побач з Літвой. Выбар гэтай пляцоўкі не быў нічым абгрунтаваны. Казалі, што ёсць энергадэфіцытнасць рэгіёну, але там няма буйных прамысловых прадпрыемтваў. Мяркую, выбар гэтай пляцоўкі быў больш прадыктаваны мэтамі нейкага ваеннага, стратэгічнага, геапалітычнага і тэрарыстычнага плана, чым мэтамі эканамічнай мэтазгоднасці і апраўданасці. Атамная энергетыка адрозніваецца ад любой іншай тым, што на АЭС вялікая магутнасць выдачы. Мне падаецца, што гэта ўсё элементы аднаго пазла, і я не прыхільніца канспіралагічных версій. Скажыце, а чым тэрарыстычны акт і выкарыстанне такі брудных бом адрозніваецца ад ядзернага ўдару па ваенным цэлям? Нічым. Ніякіх мэтаў гэта не дасягае, апроч дэмаралізацыі. Мы не ведаем, як будзе развівацца сітуацыя. Можа быць, Пуцін захоча пайсці на Літву, Латвію, і тады Астарвецкая АЭС можа быць задзейнічана, як такі аб’ект. Выключаць такой верагоднасці я б не стала, – гаворыць Новікава.

Фімзік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі раіць не забывацца пра ёдную прафілактыку:

– Не трэба панікаваць, панікаваць ніколі не трэба. Але яшчэ раз кажу, з улікам міжнароднага досведу, радыяцыйная бяспека заўсёды недаацэньваецца. Таму, паглядзіце, што такое ёдная прафілактыка. Што гэта не абавязкова таблеткі. Можна ўзяць ёдную настойку і памазаць скуру, такім чынам у арганізм паступіць нейкая колькасць стабільнага ёду. І калі ўзарвецца АЭС у мяне будзе менш праблем, але не на 100%, канешне. Што гавораць медыкі? Ёсць глюканат кальцыю, гэта па сутнасці крэйда. Але ў выпадку аварыі ў чалавека менш трапіць стронцыю і цэзію.

вх